Паход у тэатр дазваляе не толькі культурна адпачыць, але і ўбачыць любімыя творы ў класічным ці наватарскім прачытанні. Адукар сабраў пяць сталічных спектакляў, пастаўленых па школьных творах. Адны з іх выступаюць альтэрнатывай чытанню, а іншыя крыху адрозніваюцца ад першакрыніцы.
«Новая зямля». Тэатр беларускай драматургіі
Эпічную пастоўку па класічным творы Якуба Коласа здзейсніў у 2017 годзе Тэатр беларускай драматургіі. Ставаральнікі пастаноўкі вызначаюць яе жанр як «аптымістычная драма». Памятаем, што ў канцы паэмы галоўны герой Міхал памірае, так і не здзейсніўшы галоўную мару — асяліцца на ўласнай зямлі. Але застаецца надзея на лепшую будучыню для яго дзяцей. Спектакль насычаны сцэнамі з народнага жыцця, гумарыстычнымі эпізодамі як па сюжэце, так і выдуманымі.
Ідзе пастаноўка на беларускай мове і доўжыцца 110 хвілін.
«Паўлінка». Тэатр імя Янкі Купалы
Гэта сапраўдная легенда беларускага тэатральнага мастацтва, якая пабачыла свет у 1913 годзе дзякуючы Беларускаму музычна-драматычнаму гуртку. Купалаўцы ўпершыню паставілі спектакль у 1943 годзе ў Томску, дзе тэатр знаходзіўся падчас эвакуацыі. Ужо 75 гадоў «Паўлінка» цешыць гледачоў Купалаўскага атмасфернымі дэкарацыямі, гульнёй акцёраў і дасціпнымі жартамі. Спектакль поўнасцю захаваў ідэю і сюжэт п’есы Янкі Купалы, таму смела можна ісці ў тэатр, калі не хочацца чытаць кніжку.
Доўжыцца пастаноўка 110 хвілін на беларускай мове.
"Воробьиная ночь". Тэатр Беларускай арміі
Спектакль заснаваны на п’есе Аляксея Дудара, напісанай па матывах апавядання Уладзіміра Караткевіча «Паром на бурнай рацэ». Драматург захаваў асноўную сюжэтную лінію апавядання, дапоўніўшы яе нечаканымі дэталямі, што змяняе ўспрыманне караткевічаўскай гісторыі. Так Пора-Леановіч і Грынкевіч аказваюцца былымі знаёмымі і супернікамі ў каханні… Але не будзем спойлерыць — лепш самі паглядзіце.
Пастаноўка ідзе 100 хвілін, на рускай мове.
«Людзі на балоце». Тэатр імя Янкі Купалы
Спекталь захаваў палескі каларыт, па-мастакоўку перададзены Іванам Мележам. Асобны вялікі дзякуй можна сказаць удзельнікам пастаноўкі за мову герояў, якая цалкам адпавядае тэксту арыгінала. Ніякай вам трасянкі ці адаптацыі «пад літаратурную мову». Праўда, у новай інсцэніроўцы, што адбылася ў 2012 годзе, галоўнае месца займае любоўны трохкутнік Васіль-Ганна-Яўхім, а не сацыяльны канфлікт. На думку рэжысёра Аляксандра Гарцуева, так спектакль адпавядае духу часу.
Працягласць пастаноўкі - 165 хвілін, па-беларуску.
«Раскіданае гняздо». Тэатр беларускай драматургіі
Ва ўсе часы людзі марылі аб лепшым жыцці, дзеці не разумелі бацькоў, а сацыяльныя канфлікты ламалі лёсы людзей. Трагедыя простай беларуская сям'і Зяблікаў, апісаная Янкам Купалам у пачатку ХХ стагоддзя, актуальная і сёння. Як шмат сем’яў здольныя справіцца з нягодамі, падтрымаць адно аднаго і застацца моцнымі? Паспрабуйце адказаць на гэта пытанне да і пасля прагляду спектакля.
Пастаноўка доўжыцца 150 хвілін, па-беларуску.
Прыемнага прагляду!
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.