Войти
Досуг

9 фільмаў і серыялаў паводле твораў беларускай класікі

Аматарам беларускай літаратуры і беларускай мовы, школьнікам, якія хочуць больш зразумець праграмныя творы, студэнтам, маладым спецыялістам, дарослым людзям, — карацей, усім-усім неабыякавым да ўсяго беларускага, раім гэтую падборку фільмаў і серыялаў паводле твораў беларускай класікі. 9 твораў, 9 пісьменнікаў і больш за 100 гадзін пачуццяў, перажыванняў, болю, радасці і самых разнастайных эмоцый. Прыемнага прагляду!

«Палеская хроніка»

Арыгінальная назва: Полесская хроника, Люди на болоте, Дыхание Грозы

Год выпуску: 1984

Працягласць: 8 серый, кожная каля 01:10:00

Серыял паводле аднайменнага рамана Івана Мележа. У 20-я гады мінулага стагоддзя ў глухія месцы палескіх балот прыйшла Савецкая ўлада. Аднак заможныя жыхары вёскі Курані не збіраліся аддаваць зямлю сялянам. Банды запалохвалі людзей.

Але сяляне самі зрабілі першы крок: усёй вёскай яны вырашылі пракладаць грэблю праз балота-шлях да новага жыцця. Збіраецца сялянскі сход, на якім прысутнічае спецупаўнаважаны з воласці. Сяляне абмяркоўваюць будучы перамер зямлі…

Сюжэтная лінія таксама апісвае і жыццё маладых жыхароў вёскі - дзяўчыны Ганны і хлопца Васіля.

Глядзець на YouTube

«Тутэйшыя»

Арыгінальная назва: Тутэйшыя

Год выпуску: 1993

Працягласць: 01:43:00

Трагікамедыя «Тутэйшыя» — гэта экранізація забароненай некалі п’есы Янкі Купалы, якая распавядае пра палітычны хаос у гады грамадзянскай вайны. Гэта фільм пра зямлю, што даўным даўно стала прахадным дваром для Захаду і Усходу. Тутэйшыя — мясцовыя жыхары гэтых месцін. Герой фільма — вясёлы і знаходлівы Мікіта, «чалавек з народу», спрабуе прыстасавацца да розных ўлад.

«Хто смяецца апошнім»

Арыгінальная назва: Кто смеётся последним

Год выпуску: 1954

Працягласць: 01:33:00

Гэта мастацкі фільм паводле аднайменнай п’есы Кандрата Крапівы. Месца дзеяння — навукова-даследчы інстытут, час — 50-я гады мінулага стагоддзя. Супрацоўнік інстытута па прозвішчы Туляга распавядае калегам — вядомаму навукоўцу Чарнавусу і маладой навуковай супрацоўніцы Веры, — што мiнак на вуліцы прыняў яго за палкоўніка Падгаецкага, што некалі служыў у белай арміі ў Варонежы.

Гэта вельмі напалохала Тулягу і ён просіць нікому пра гэта не казаць. Але гутарку падслухоўвае пляткар Зёлкін і перадае ўсю інфармацыю дырэктару інстытута Гарлахвацкаму. Акрамя гэтага, ён распаўсюджвае слых пра тое, што новы рукапіс Чарнавуса, які напярэдадні раскрытыкаваў Зёлкін, атрымаў дрэнныя водгукі. Гарлахвацкі - невук, які трапіў на пасаду дырэктара па блаце, — хоча выкарыстаць сітуацыю дзеля свах інтарэсаў. Але, як вядома, смяецца той, хто смяецца апошнім…

Глядзець на YouTube

«Міколка-паравоз»

Арыгінальная назва: Миколка-паровоз

Год выпуску: 1956

Працягласць: 01:33:00

«Міколка-паравоз» — кінастужка па матывах аднайменнай аповесці Міхася Лынькова. Дзеянні фільма адбываюцца напярэдадні рэвалюцыі 1917 года. Маленькаму Міколку 11 гадоў. Усё яго кароткае жыццё звязана з чыгункай. Сям’я хлопчыка жыве ў старым грузавым вагоне, бацька працуе памочнікам машыніста ў дэпо. Ёсць яшчэ маці Ганна ды дзед Астап, які больш за ўсё любіць успамінаць, як ён ваяваў артылерыстам на руска-турэцкай вайне.

У гімназіі, дзе вучыцца Міколка, рыхтуюцца да ўрачыстай сустрэчы самога імператара Мікалая Другога, цягнік якога павінен прайсці праз іх маленькую станцыю. Міколка вырашае прабрацца ў вагон да цара і расказаць яму пра ўсе свае беды ды нягоды. Але… На гэтым мы спынім пераказ — працяг гісторыі лепей паглядзець альбо прачытаць.

Глядзець на YouTube

«Новая зямля»

Арыгінальная назва: Новая зямля

Год выпуску: 1982

Працягласць: 02:13:00, дзве серыі

Фільм пастаўлены паводле знакамітай паэмы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Гэта гісторыя пра трагічны лёс беларускага сялянства ў канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя, пра галоўную мару беларуса, які працуе на зямлі, — «купіць Зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут, i там зажыць сабе нанова: свая зямля — вось што аснова…»

«Шляхціц Завальня»

Арыгінальная назва: Шляхтич Завальня

Год выпуску: 1994

Працягласць: 01:26:00

Жыве ў Полацкім краі добры шляхціц Завальня. Сядзіба яго стаіць на скрыжаванні дарог, таму ў яго хаце заўсёды шмат госцяў. І ўсё ведаюць, што больш за ўсё пан Завальня любіць розныя фантастычныя гісторыі. Таму ўсякі госць імкнецца распавесці якую-небудзь небыліцу…

Глядзець на YouTube

А яшчэ можна паслухаць мастацкае чытанне кнігі ў выкананні Андрэя Каляды.

«Дзікае паляванне караля Стаха»

Арыгінальная назва: Дикая охота короля Стаха

Год выпуску: 1979

Працягласць: 01:45:00

Дзеянне карціны разгортваецца на беларускім Палессі ў 1900 годзе. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя малады вучоны-этнограф Андрэй Беларэцкі прыяжджае ў стары палац, што ў Балотных Ялінах. Гаспадыня палацу — апошняя з роду Яноўскіх, над якім вісіць праклён «дзікага палявання караля Стаха».

Надзея распавядае Беларэцкаму пра зданяў дома: Маленькага Чалавека, Блакітную жанчыну і Дзікае паляванне, якое наводзіць страх па ўсёй акрузе — ад яго загінуў і бацька Надзеі. Але выяўляецца, што прывіды з мінулага маюць плоць і кроў…

Фільм зняты па матывах аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, які, дарэчы, быў сцэнарыстам карціны. І быў незадаволены вынікам, бо рэжысёр стварыў сваю версію, выказаўшы свае погляды, адштурхнуўшыся ад арыгіналу. І гэта толькі выклікае цікавасць да кінастужкі - чым «Дикая охота короля Стаха» адрозніваецца ад караткевічаўскай аповесці?

«Знак Бяды»

Арыгінальная назва: Знак Беды

Год выпуску: 1986

Працягласць: 02:22:00, дзве серыі

Моцны фільм пра вайну па аповесці Васіля Быкава. Сцепаніда і Пятрок Багацькі жывуць на хутары Яхімоўшчына, за тры кіламетры ад мястэчка Выселкі. Іх сын Федзя служыць у танкавых войсках, дачка Феня вучыцца «на доктаршу» ў Мінску. Пачынаецца вайна. Хутка пракатваецца на ўсход фронт, прыходзяць немцы. Надыходзіць страшнае ў непрадказальнасці новых бед жыццё…

Глядзець на YouTube

«Плач перапёлкі»

Арыгінальная назва: Плач перепёлки

Год выпуску: 1990

Працягласць: 9 серый, кожная прыкладна 01:07:00

Кінастужка пра першыя месяцы вайны па матывах раманаў Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя». Героі фільма — верамейкаўцы, жыхары невялікай вёскі, што схавалася сярод беларускіх лясоў. Летам 1941 года рэха вайны дакацілася і сюды. Пакінутая Чырвонай Арміяй, але яшчэ не узятая немцамі, вёска апынулася на нічыйнай паласе.

Салдаты блукалі па лясных сцяжынках, немцы гналі палонных ў канцлагеры, у лясных нетрах ствараліся першыя партызанскія атрады. Гэта была пара здагадак, сумневаў, чутак, смутны час ці то безуладдзя, ці то двоеўладдзя. Героі павінны вырашыць галоўнае для сябе пытанне — як жыць у такіх умовах? Кожны знаходзіць свой шлях, але ўсе разам супрацьстаяць смерці і гвалту.

***

Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.

Відэакурсы па беларускай мове

ЦТ анлайн

***

Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.

Привет! Ты уже записался на наши итоговые занятия перед ЦТ? Такие занятия мы проводим уже четвёртый год, и преподаватели нашего учебного центра научились достаточно точно предсказывать, какие вопросы будут на ЦТ. На этом занятии мы прорешаем их вместе с тобой! Регистрируйся, если еще не сделал этого — и увеличь свои шансы на поступление!