Усе адзінаццацікласнікі здаюць ЦЭ па рускай або беларускай мове на выбар. У 2026 годзе іспыт па белмове здавалі больш за дзесяць тысяч чалавек, але 100 балаў набралі толькі 125 — гэта менш за адзін працэнт ад усіх, хто абраў беларускую мову на ЦЭ. Чаму максімум даецца так няпроста і што адрознівае тых, каму ён усё ж паддаецца?
Мы паразмаўлялі з выкладчыцай беларускай мовы ў адукацыйным цэнтры «Адукар», магістрам педагагічных навук Ірынай Радчанка пра тое, якія агульныя рысы маюць стабальнікі і як дасягнуць максімальнага выніку на ЦЭ/ЦТ.
— Якім павінен быць вучань, каб атрымаць сотку? Ці ёсць нейкі агульны партрэт або пэўныя рысы характару?
— Са свайго боку я заўважыла, што вучань, па-першае, павінен хацець гэтую сотку для таго, каб яе атрымаць. Па-другое, быць мэтанакіраваным.
Ён ніколі не адмаўляецца ад дадатковага задання. Таму што разумее: неабходна выконваць усё, што кажа настаўнік. Заўжды задае пытанні, калі нешта не разумее ў канкрэтным правіле ці яго адказы не супадаюць з адказамі тэставых заданняў.

— Як вы думаеце, 100 балаў - гэта выключна пытанне ўпэўненай працы і правільнай сістэмы падрыхтоўкі? Або можа пашанцаваць?
— Скажу як ёсць: можа пашанцаваць. На экзамене стрэс перашкаджае разважаць цвяроза. Калі ты знаходзішся ў абставінах, якія ад цябе не залежаць і ты іх не кантралюеш, эмоцыі могуць узяць верх над розумам. І атрымліваецца так, што ты ведаеш усё, ты рабіў аналагічныя тэсты не адзін раз. Ты разумееш, як адказаць на гэтыя пытанні, але робіш памылку. І самае крыўднае, што, калі ты потым будзеш аналізаваць свае адказы, то будзеш разумець гэтую памылку.
Шанец у тым, што сто балаў атрымоўваюць вучні, якія ведаюць матэрыял, але якім яшчэ і шанцуе менавіта ў фармулёўках заданняў або ў саміх словах у гэтых заданнях ці сказах.
— З якога класа або за які час да іспытаў рэальна падрыхтавацца на сто балаў?
— Неабходна сур’ёзна падыходзіць да вывучэння прадмета ў школе ўжо тады, калі ён пачынаецца (з пятага класа). Калі казаць адносна беларускай мовы, на мой погляд, вучыцца трэба ў школе, выконваць дамашнія заданні. Калі тэма нейкая незразумелая, можна карыстацца індывідуальнымі, дадатковымі заняткамі.
Што датычыцца сур’ёзнай падрыхтоўкі, то, канечне, яна павінна быць з дзясятага класа. У мяне ёсць вопыт, дзе ў групе абітурыентаў (якія ідуць пасля дзясятага класа) ужо не першы год ёсць дзеці, якія прыходзяць да мяне пасля дзявятага класа. І назіраючы за імі, я разумею, што ім патрэбна і больш зручна падрыхтоўка, расцягнутая на два гады.
Таму што першы год яны быццам «знаёмяцца» з прадметам, а ўжо другі год вывучэння замацоўваюць матэрыял. Гэта, на мой погляд, дае большую падрыхтоўку да лепшага выніку пры здачы тэстаў.
— А што рабіць вучням, якія толькі зараз пачынаюць рыхтавацца?
— Тут павінна быць сістэмнае вывучэнне. Вось пакрокавы план, які дапаможа спланаваць падрыхтоўку:
Асноўны этап
Кожны дзень 40−60 хвілін на тэорыю або практыку па прадмеце.
Вядзі сшытак памылак.
Чытай заданні ўслых і аналізуй іх.
За 2−3 месяцы да іспыта
Перайдзі на рашэнне поўных варыянтаў на час — 1−2 на тыдзень.
Адпрацоўвай уважлівасць да фармулёўкі.
Паўтары выключэнні і асобныя правілы па свайму сшытку памылак.
Апошні месяц
Рашай тэсты ў рэжыме экзамену: той жа даўжыні часу, без тэлефона, без перапынкаў.
Падрыхтуй «аператыўныя карткі» — кароткія шпаргалкі з самымі цяжкімі правіламі для хуткага паўтарэння напярэдадні.
На самім іспыце
Прачытай заданне двойчы перш, чым адказваць.
Калі ўсё заблыталася — адкладзі заданне і ідзі далей, вяртайся пазней са свежай галавой.
Не мяняй адказ без упэўненасці — першая інтуіцыя часцей за ўсё правільная.
— Якія самыя частыя памылкі робяць моцныя вучні, па якой прычыне яны потым губляюць балы?
— У мяне было некалькі выпадкаў. Першы выпадак: алімпіяднік, выдатны вучань не атрымаў свае сто балаў таму, што няўважліва прачытаў заданне. Ад яго патрабавалі адзначыць сказы, у якіх правільна расстаўлены знакі прыпынку, а ён адзначыў тыя, у якіх няправільна расстаўлены знакі прыпынку.
Другі выпадак: дзяўчынка таксама выдатніца, але зрабіла крыўдную памылку ў заданні на спражэнне з часткі В. Зноў-такі няўважліва прачытала фармулёўку і замест «вы» яна падставіла «ты», каб утварыць патрэбную форму дзеяслова.
Каб не трапіць у падобную сітуацыю, я раю запісаць у чарнавіку ключавыя словы і абазначыць тое, што неабходна выканаць у самім заданні.
І быў яшчэ адзін момант, але гэта ўжо не па фармулёўках. Дзяўчына, хоць і ведала, што ёсць выключэнні ў дзеясловах, на экзамене забылася і аднесла спражэнне дзеяслова, якое з’яўляецца выключэннем, да першага спражэння.
Калі вы рыхтуецеся да ЦЭ, адкажыце сабе на 3 пытанні: 1) Ці запісваю я ключавыя словы з фармулёўкі? 2) Ці памятаю выключэнні з правілаў? 3) Ці раблю памылкі з-за таго, што спяшаюся?
— Як вучням захаваць сваю нервовую сістэму падчас падрыхтоўкі да тэстаў?
— Калі вучні задаюць мне такое пытанне, я заўсёды расказваю ім наступную гісторыю.
Бывае, што на экзамене губляешся з-за малой рэчы. Напрыклад, адна выкладчыца, калі паступала на факультэт пачатковай адукацыі, забыла калькулятар. Нягледзячы на тое, што ўвечары яна яго паклала спецыяльна ў калідоры. І што вы думаеце? Яна заблыталася ў адсотках, няправільна палічыла — і не хапіла паўбала. Ёй паставілі 4,5 з 5 балаў. Але гэтых балаў хапіла на філалагічны факультэт. Цяпер яна вельмі задаволеная, што не паступіла на настаўніцу пачатковых класаў, бо з падлеткамі ёй больш падабаецца працаваць.
Я веру ў лёс. І я лічу, што калі вам не хапае балаў ці некалькіх дзясяткаў да бала, гэта не заўсёды катастрофа: часам іншы выбар адкрывае лепшыя магчымасці. Або гэта будзе іншая ВНУ, або іншая спецыяльнасць, якая потым будзе больш запатрабаваная на рынку працы.
Экзаменаў будзе шмат, а іх вынікі будуць найлепшымі для кожнага з вас. Такая гісторыя.
***
Узнайте о наших курсах подготовки к ЦЭ и ЦТ 2027. Спасибо, что дочитали до конца. Мы рады, что ответили на ваши вопросы.
Каталог учебных заведений Адукар
Профориентационные тесты и индивидуальная консультация психолога-профориентолога
Не пропускайте важные новости и подписывайтесь на наш YouTube, Instagram, Telegram, TikTok.
***
Если хотите разместить этот текст на своём сайте или в социальной сети, свяжитесь с нами по адресу info@adukar.com. Перепечатка материалов возможна только с письменного согласия редакции.