Войти
Досуг

Ён мог згарэць. Цікавосткі пра раман «Людзі на балоце»

Трылогія «Палеская хроніка» — самая значная праца ў творчасці Івана Мележа. Яна складаецца з раманаў «Людзі на балоце"(1962), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976). У планах засталіся «За асакою — бераг» (накіды) і «Праўда вясны».

За раман «Людзі на балоце» пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Іван Мележ падрабязна апісвае жыццё сялян палескай вёскі Курані падчас калектывізацыі 1920−1930‑х гадоў. Усе героі маюць рэальных прататыпаў: гэта вобразы землякоў з малой радзімы Мележа — вёскі Глінішчы.

Як усё пачыналася

У 1947 годзе Мележ пазначыў у нататніку: «Напісаць вялікую рэч (калі-небудзь) пра тое, як мянялася, ламалася псіхіка беларускага селяніна з 1914 года да сённяшняга дня». У тым жа годзе пісьменнік дадаў: «а) Наступленне на балоты — вялікая, прыгожая, нацыянальная тэма. Напісаць. б) Пяскі Беларусі. Барацьба за ўраджай на пясчаных землях. Напісаць».

Што паўплывала на твор

Першы раман хронікі - «Людзі на балоце» — узяў свой пачатак на вяршыні беларускай класікі (творы Купалы, Коласа, Чорнага). Дужа цаніў пісьменнік «Сокі цаліны» Цішкі Гартнага і «Вязьмо» Міхася Зарэцкага. А яшчэ рускую і сусветную класіку.

Асабліва падкрэсліваў Іван Мележ значную ролю ў сваім творчым жыцці эпапеі «Ціхі Дон». У час вайны, калі Іван Паўлавіч ляжаў у растоўскім шпіталі з цяжкім раненнем, чытаў «Ціхі Дон».

Яшчэ Мележ быў дужа ўдзячны Аляксандру Фадзееву, водгук якога на раман Івана Паўлавіча «Мінскі напрамак», дапамог знайсці шлях да галоўнай працы. Найбольш удалымі момантамі А. Фадзееў лічыў фрагменты, дзе апісвалася народнае, сялянскае жыццё.

Асаблівасці кампазіцыі і стылю рамана

Працуючы над творам, Іван Мележ карыстаўся мантажна-кінематаграфічным прынцыпам. Ён пісаў, не пільнуючыся паслядоўнасці падзей. А тыя фрагменты, якія найбольш дэталёва прадуманы, перажыты ва ўяўленні. Потым расстаўляў па сваіх месцах.

У Мележа быў вопытны і адказны кансультант

Каб дэталёва перадаць сялянскі побыт пачатку ХХ стагоддзя, Іван Паўлавіч звярнуўся да бацькі. Пісьменнік дасылаў яму лісты, дзе пытаў пра абрады, назвы страў, святаў, вядзенне гаспадаркі і інш. Бацька ж падрабязна адказваў на запыты.

Раман мог называцца па-іншаму

Доўгі час Мележ сумняваўся наконт назвы рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», на асобным лісце было запісана 15 варыянтаў загалоўка. Тады ж спыніліся на назве «Туманы над багнай».

Усё змянілася дзякуючы супрацоўніку рэдакцыі, якога прызначылі дзяжурным па нумары. Ён пераканаў пісьменніка змяніць назву на больш светлую — «Людзі на балоце».

Раман мог згарэць

Аднойчы ў доме па вуліцы Карла Маркса, 36, дзе жыў пісьменнік, здарыўся пажар. У кватэры нікога не было. Пажар заўважылі мінакі і выклікалі выратавальнікаў. Пажарныя патушылі агонь, які ахапіў кватэру Мележа.

Тым часам Іван Паўлавіч вяртаўся дадому. Ад людзей з натоўпу даведаўся, што яго кватэра загарэлася, і збялеў. Калі ж змог патрапіць у ацалелае жыллё, засвяціўся ад шчасця: на стале ў кабінеце ляжаў непашкоджаны рукапіс «Людзей на балоце».

Шукаем беларускія адпаведнікі рускім фразеалагізмам: больш за 50 выразаў, якія зробяць ваша маўленне сакаўным

Што да іншых кніг «Палескай хронікі»

Назва другой кнігі некалькі разоў мянялася: спачатку «Звер сочыць з зарасніку», потым «Навальніца над полем» і, урэшце, «Подых навальніцы».

Працуючы над «Подыхам навальніцы», Мележ адзначаў: «Пра калектывізацыю напісана шмат. Але мне здаецца, сказана пра яе далёка не ўсё. Хочацца глыбока і праўдзіва паказаць гэты важны паварот у жыцці вёскі. У цяжкія трыццатыя гады брала пачатак не толькі добрае, але і злое. У тым, што адбывалася тады, было нямала такога, што выклікала непатрэбную завостранасць адносін, нараджала несправядлівасць, крыўды, прыводзіла да неапраўданых ахвяр».

«Палеская хроніка» засталася няскончанай. Але па запісах у нататніку можна меркаваць, які працяг гісторыі планаваў аўтар.

Ганна ўрэшце звязала б свой лёс з чырвонаармейцам Міканорам. Па словах жонкі Мележа, пісьменнік таксама разглядаў варыянт позняга кахання Ганны і Васіля ці кахання паміж іх дзецьмі.

Васіль Дзятлік мусіў вярнуцца з вайны ў родныя мясціны, спазнаць боль страты. У адным з накідаў пазначана, што, калі палалі Курані, з сям'і Васіля выратаваўся толькі сынок.

«Пайсці ў грыбы, дзякаваць дзядулю». Паўтараем асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Фінальная сцэна бачалася Івану Мележу так: вясна, сялянскае ворыва. Васіль ідзе за плугам. «Вясна, арэ… Толькі б тут. Хоць што. От яна, Карчова паласа. Якую прагнуў. Усё паламалася. Hi Ганны, ні зямлі. Дурань. Так, пэўне, трэба. I трэба жыць, як е. Як доля наканавала. Жыць. Хай будзе, што будзе — толькі хадзіць па сваёй зямлі, чуць яе пад нагамі, дыхаць яе пахам… Хай хоць што, толькі тут быць! Толькі тут!..»

У 1975 годзе Пімен Панчанка напісаў верш «Зямля бацькоў», прысвечаны творчасці Івана Мележа:

А на Палессі ўсё нядробна:

Цяжкая спадчына вякоў,

Цяжкія рукі хлебаробаў,

Цяжкія сны палешукоў.

Якую трэба мець адданасць

І сэрца сынава, каб так

Любіць палескі край туманны

І маці бедны андарак.

Якую мужнасць мець патрэбна,

Каб хуткасці наперакор

Уваскрасіць і воблік зрэбны

Сяла,

І водбліск даўніх зор.

Нас б’е па сэрцах паскарэнне,

Сціскаюцца прастора, час.

А матчынай зямлі карэнні

Ніколі не адпусцяць нас.

Хвалюючае падабенства!

Старонкі Мележа крані —

І з небыцця, з майго маленства

Мае ўзнікнуць Курані.

І час імкліва незваротны

Мастак ізноў вяртае нам,

І ажывае ўладна роднасць,

Хоць я з мясцін інакшых сам.

Пад навальнічны подых рэзкі

Я пад буслянкаю стаю

І ў ціхай вёсачцы палескай

Сябе малога пазнаю.

І, навальніцаю абмыты,

Па сцежцы, як па паяску,

Іду па лузе аксамітным

Ля выспаў белага пяску.

Развеяўся настрой наганы,

Каліны зноў цвітуць мае.

І свеціць мне ўсмешка Ганны,

Любоў яе і боль яе.

Зямля бацькоўская, святая.

Так, гэта мы. Увесь народ…

Мне ў сэрца бусел залятае

З трывожных прыпяцкіх балот.

Крыніцы: Адамович, А. «Полесская хроника» И. Мележа в контексте времени / А. Адамович // Вопросы литературы.-1982 — № 1.-C. 152−185

Гісторыя напісання і літаратурная крытыка

Даведайцеся пра наш інтэнсіўны курс падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.

Відэакурсы па беларускай мове

ЦТ анлайн

***

Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.

Привет! Ты уже записался на наши итоговые занятия перед ЦТ? Такие занятия мы проводим уже четвёртый год, и преподаватели нашего учебного центра научились достаточно точно предсказывать, какие вопросы будут на ЦТ. На этом занятии мы прорешаем их вместе с тобой! Регистрируйся, если еще не сделал этого — и увеличь свои шансы на поступление!