Войти
Централизованное тестирование

«Пайсці ў грыбы, дзякаваць дзядулю». Паўтараем асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Узровень валодання мовай бачны ў дэталях: веданне крылатых выразаў, асаблівасцей спалучэння слоў, правілаў вымаўлення і інш. У выпадку, калі валодаеш дзвюма роднаснымі мовамі, лёгка пераблытаць іх нормы. Давайце паўторым сінтаксічныя нормы беларускай мовы, а іменна асаблівасці дапасавання і кіравання, што не супадаюць з рускай мовай.

Некаторыя асаблівасці давасавання ў беларускай мове

У беларускай мове лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў, якія маюць форму множнага ліку: два сталы, абодва браты, тры яблыкі.

Асаблівасці беларускага кіравання (у параўнанні з рускай мовай)

Дзеясловы ветлівасці (дзякаваць, падзякаваць, выбачаць, прабачыць, дараваць) ужываюцца з назоўнікам у давальным склоне: дзякаваць сястры, бабулі, дзядулю; выбачыць мне, яму, ёй.

Дзеясловы цешыцца, жартаваць, насміхацца, смяяцца, рагатаць, дзівіцца, кпіць, здзеквацца, глуміцца ўжываюцца з прыназоўнікам з і назоўнікам у родным склоне: насміхацца з малога, здзеквацца з чалавека.

Дзеясловы руху (ісці, бегчы, ехаць, плыць, ляцець, выправіць, паслаць і інш.) пры абазначэнні мэты дзеяння ўжываюцца з прыназоўнікам па і назоўнікам у вінавальным склоне: схадзіць па хлеб, ісці па яго.

Словы ягады, грыбы (або іх канкрэтныя назвы), рыба, шчаўе, дровы, буракі, кмен і падобныя далучаюцца да дзеясловаў руху прыназоўнікам у і стаяць у вінавальным склоне: пайшлі ў суніцы, выбраліся ў млын.

Пры абазначэнні напрамку ўздоўж, ускрай аб’екта або месца знаходжання непадалёк яго ўжываецца прыназоўнік паўз і назоўнік у вінавальным склоне: паўз чыгунку, паўз магазін.

Дзеясловы маўлення, пачуцця гаварыць, казаць, думаць, клапаціцца, распытваць, разважаць, успамінаць ужываюцца з прыназоўнікам пра і назоўнікам у вінавальным склоне: гаварыць пра набалелае, клапаціцца пра бацькоў.

Дзеясловы хварэць, перахварэць, захварэць і прыметнік хворы ўжываюцца з прыназоўнікам на і назоўнікам у вінавальным склоне: хворы на ангіну, перахварэць на грып.

Дзеясловы ажаніцца, ажаніць ужываюцца з прыназоўнікам з і назоўнікам у творным склоне: ажаніцца з Ганнай.

У дзеяслоўных і назоўнікавых словазлучэннях з прыназоўнікам па ўжываюцца назоўнікі і займеннікі ў месным склоне: вучыцца па кнігах, ездзіў па вёсках, па старадаўнім звычаі.

У параўнальных словазлучэннях залежнае слова ўжываецца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам за: старэйшы за сястру.

Прыназоўнік праз ужываецца для выражэння прычынных адносін: спазніўся праз дождж, затрымка праз дождж, а таксама аб’ектных адносін пасля дзеясловаў са значэннем ‘пранікаць, прабівацца': прабіцца праз гушчар, прамень праз шчыліну; у спалучэннях праз зубы, праз слёзы, праз сон.

Шэраг спалучэнняў слоў для запамінання: мець на мэце, дом на тры паверхі, падобны да брата, загадчык бібліятэкі, пазычыла нажа, дасылаць на адрас, больш за тры кіламетры, за тры крокі ад мяне, яма на сілас, бачыў на свае вочы, прыйшоў а пятай гадзіне, прыйшоў па заходзе сонца, сядзеў пры дарозе.

Асаблівасці кіравання пры дзеясловах з адмоўем

Абстрактныя назоўнікі, як правіла, ужываюцца ў родным склоне: не мае значэння, не дае права, не прымае захадаў, не робіць памылак, не мае жадання, не звяртае ўвагі, не зрабілі рамонту, не прынялі ўдзелу.

Канкрэтныя назоўнікі, як правіла, ужываюцца ў вінавальным склоне: не купіла кнігу, не сустрэлі бацьку, не прачытаў ліст, не ўзяў падручнік.

Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.

Відэакурсы па беларускай мове


Не прапускай важныя навіны і падпісвайся на наш YouTube, ВК, Instagram, Telegram, Facebook.

***

Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.

Привет! Ты уже записался на наши итоговые занятия перед ЦТ? Такие занятия мы проводим уже четвёртый год, и преподаватели нашего учебного центра научились достаточно точно предсказывать, какие вопросы будут на ЦТ. На этом занятии мы прорешаем их вместе с тобой! Регистрируйся, если еще не сделал этого — и увеличь свои шансы на поступление!