У тэстах ЦЭ і ЦТ па беларускай мове кожны год сустракаюцца заданні, для выканання якіх трэба ведаць правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай. Давайце паўторым само правіла і на прыкладах разгледзім, як трэба афармляць простую мову.
Простая мова — гэта дакладна перададзеная чужая мова. Простая мова складаецца з дзвюх частак: слоў аўтара (хто сказаў, падумаў і г. д.) і ўласна простай мовы (што сказалі, падумалі і г. д.).
Пастаноўка знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай залежыць ад месца слоў аўтара (перад простай мовай, у сярэдзіне ці пасля яе), а таксама ад таго, выказаная простая мова ці нявыказаная. Вось прыклады на кожны выпадак.
Бацька прыжмурывае вочы і гаворыць любімую прыказку: «Хочаш жыць, умей, брат, і круціцца».
А: «П».
З глыбіні кузава пачуўся Марозаў голас: «Што там такое здарылася?»
А: «П?»
"Першая гадзіна, — падумала старая, — паспее яшчэ, хаця б у тры выехаць з дому". (Я. Брыль)
«П, — а, — п».
«Я еду! — крыкнуў. — Гэта пастка!»
«П! — а. — П!»
«Матчына мова за руку павяла, — прызнаваўся Якуб Колас і, хвіліну памаўчаўшы, дадаваў: — Беларускае слова, пяшчотнае і ласкавае, гнеўнае і сумнае, паслухмянае і гнуткае ў паэтычным радку, было бліжэйшае і мілейшае майму сэрцу».
«П, — а: — П».
Калі ў словах аўтара, якімі перарываецца простая мова, ёсць два дзеясловы-выказнікі са значэннем маўлення ці думкі і яны адносяцца да розных частак простай мовы, то пасля слоў аўтара ставіцца двукроп’е і працяжнік, а другая частка простай мовы пішацца з вялікай літары.
«Да пабачэння», — адразу сказала Надзя, і ў трубцы пачуліся кароткія гудкі.
«П», — а.
«Дзень добры, світанне!» — гукае азёрны прастор.
«П!» — а.
«Не, Валя, нельга так…» — як мага ласкавей сказала Марыля.
«П…» — а.
Калі ў канцы простай мовы ставіцца шматкроп’е, то перад словамі аўтара ставіцца толькі працяжнік.
А зараз вы можаце выканаць разам з выкладчыцай беларускай мовы Ірынай Піскун тыповы тэст і падрыхтавацца да ЦЭ і ЦТ як след.
***
Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.
***