Для адных чытанне — асалода, для іншых — галаўны боль. Каб знаёмства з мастацкай літаратурай не было для цябе пакутай, Адукар параіць, як лёгка запамінаць змест твора.
Чытанне мастацкай літаратуры не падобна да знаёмства з параграфам па фізіцы ці біялогіі: галоўнае — адчуць твор, зразумець яго глыбінны сэнс, а не зазубрыць змест. Але таксама важна не згубіцца ва ўласных эмоцыях да прачытанага, забыўшыся на сюжэт і факты. Уяві, што твор — жыццёвая сітуацыя, у якой табе трэба разабрацца, і смела бярыся за чытанне.
Пазначай цікавыя моманты
Вылучай алоўкам ці рабі закладкі на старонках, дзе сустракаюцца звесткі пра галоўных герояў (імя, мянушка, апісанне знешнасці, аўтарская характарыстыка, прафесія, жыццёвыя перакананні), час і месца падзей. Гэту інфармацыю можаш выпісаць у сшытак па літаратуры, так задзейнічаеш механічную і зрокавую памяць — больш шансаў запомніць асноўнае.
Выпісвай цытаты
Занатоўвай тыя словы герояў або аўтара твора, што прыемна ўразілі ці наадварот абурылі. Так складзеш уласнае меркаванне пра персанажаў і змест твора цалкам. Не забудзь указаць, каму належаць словы і ў якіх абставінах былі сказаны. Вырванае з кантэксту выказванне можа згубіць першапачатковы сэнс.
Рабі ілюстрацыі
Прасцей запамінаеш інфармацыю зрокава — малюй герояў, месцы падзей так, як ты іх сабе ўяўляеш. Гэта развівае вобразнае мысленне і дапамагае запомніць змест твора. Да таго ж настаўнікі добра ацэньваюць творчы падыход вучняў да працы.
Абмяркоўвай твор
Інфармацыя ўкладваецца ў нашай галаве найлепшым чынам тады, калі мы яе пераказваем. Раскажы сябрам, аднакласнікам ці сваякам пра твор, які прачытаў. Урэшце рэшт пагавары з удзячным суразмоўцам — самім сабой ці хатняй жывёлкай. Прытрымлівайся наступных пунктаў:
з кім, дзе і якія падзеі адбываюцца;
хто галоўны (-я) герой (-і);
ахарактарызуй іх (чым яны адметныя для цябе?);
падзяліся ўласнымі ўражаннямі ад учынкаў герояў;
падумай, па якой прычыне яны так рабілі і чаму ты так рэагуеш на гэта.
Звяжы змест твора з яго назвай
Многім складана запамінаць самі назвы твораў, бо яны вобразныя. Калі прааналізуеш змест, хутчэй убачыш, які сэнс нясе загаловак. Не саромейся спытаць у настаўніка пра гэта, калі сам не зразумееш. Напрыклад, аповесць Івана Шамякіна «Непаўторная вясна» (пенталогія «Трывожнае шчасце») названая так, бо ў ёй распавядаецца пра першае каханне паміж Сашай Траянавай і Пятром Шапятовічам. Звычайна маладосць атаясамліваецца з «вясной чалавечага жыцця», а першае каханне бывае толькі раз.
Чытай мастацкую крытыку
Прачытаў твор, але ў галаве пустэча, бо нічога не зразумеў, — прагледзь мастацкую крытыку. Гэта не злачынства, а шлях раскрыць твор для сябе. Зразумела, калі ты завучыш тэкст крытыкі і будзеш слова ў слова адказваць на ўроку ці пісаць сачыненне, настаўнік абурыцца на такую нахабнасць. Калі ж ты супаставіш уласнае назіранне за творам з выказваннем крытыка, гэта будзе ўспрынята з павагай.
Выдатных адзнак на ўроках літаратуры!
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by