Сабралі фільмы, сярод якіх экранізацыі, мультфільм, спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў - Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Васіля Быкава. У падборцы знойдзеш як творы са школьнай праграмы, так і стужкі, што варта паглядзець для агульнага развіцця. Дарэчы, фільмы, знятыя ў савецкі час, рускамоўныя. Таму да ўрока беларускай літаратуры варта пазнаёміцца з першакрыніцай.
«Новая зямля»
Экранізацыя аднайменнай паэмы Якуба Коласа ўражвае каларытам і гульнёй акцёраў. У фільме захаваны арыгінальны тэкст — стужка дапаможа навучыцца выразна чытаць твор. Добрая «падказка», калі трэба вывучыць на памяць пэўны ўрывак.
«Раскіданае гняздо»
Спектакль па п’есе Янкі Купалы паказвае трагічную гісторыю сям'і Зяблікаў. Вострасюжэтная драма мае і рамантычную афарбоўку, таксама ў творы шмат сімволікі.
«Паўлінка»
Бадай, самая знакамітая п’еса Янкі Купалы і візітоўка Нацыянальнага акаэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. На відэа — юбілейная 1000-ая пастаноўка «Паўлінкі».
«Дзікае паляванне караля Стаха»
Сааўтарам сцэнарыя да фільма з’яўляецца сам У. Караткевіч — аўтар дэтэктыва. Экранізацыя блізкая да арыгінала, але (крыху спойлера) у фільме зменена канцоўка. Стужка і кніга — два паралельныя сусветы, аб’яднаныя сюжэтам. Тым, хто моцна ўражаны мастацкім тэкстам, раім ставіцца да фільма як да асобнай версіі аповесці.
«Чорны замак Альшанскі»
Яшчэ адна экранізацыя твора У. Караткевіча — дэтэктыўнага рамана з той жа назвай. Галоўны герой — Антон Косміч — разблытвае клубок былых злачынстваў, якія адбыліся ў розны час. Ідэя фільма (ды і твора) заключана ў словах Косміча: «Хтo нe пaмятae мiнyлaгa, xтo зaбывae мiнyлae — acyджaны знoў пepaжыць ягo. Бeзлiч paзoў».
«Ладдзя Роспачы»
Рускамоўны мультфільм па навеле У. Караткевіча. Знакамітае выказванне «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто — і тады пераможаш» якраз з гэтага твора, а належыць галоўнаму герою, па імені Гервасій Выліваха. Праўда, увасоблены яго характар у творы і стужцы па-рознаму. Таму раім абавязкова пачытаць мастацкі твор.
«Паром»
Беларускамоўны фільм паводле апавядання «Паром на бурнай рацэ» У. Караткевіча. Стужка збольшага аднаўляе змест твора, аднак фінальная сцэна адрозніваецца ад арыгінала.
«Людзі на балоце»
Васьмісерыйны фільм па трылогіі І. Мележа «Палеская хроніка». На жаль, у экранізацыі не перададзена палеская гаворка, на якой размаўляюць героі рамана. Праўда, акцёры падабраны ўдала. Але кніга багатая на каларытныя апісанні, мастацкія дэталі, што робіць яе больш прывабнай у параўнанні з фільмам.
«Узыходжанне»
Фільм рэжысёра Ларысы Шапіцька, зняты па аповесці В. Быкава «Сотнікаў», не саступае кнізе па эмацыйнай напружанасці і адлюстраванні жорсткай праўды вайны. Некаторыя эпізоды фільма не супадаюць з арыгіналам, але гэта не псуе ідэю твора.
«Абеліск»
Рускамоўная, як і папярэдняя, экранізацыя аповесці В. Быкава, да якой пісьменнік склаў сцэнарый у сааўтарстве. Моцны фільм, рэкамендаваны да прагляду.
«Знак бяды»
Фільм Міхаіла Пташука адлюстроўвае жах вайны не горш за аднайменную аповесць В. Быкава. Акцёрам удалося дэталёва перадаць характары герояў.
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by