У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся ўсёй сям’ёй, каб адзначыць самае галоўнае і ўрачыстае свята — Каляды. Беларускія традыцыі святкавання Каляд прайшлі праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён, у некаторых мястэчках краіны яны і дагэтуль развіваюцца і ўзбагачаюцца.
А зараз паспрабуй уявіць сябе тым самым беларусам ці беларускай з мінулага, што ўвесь год з захапленнем чакалі Каляд, каб павесяліцца і смачна паесці, ды занурыся ў цёплую казачную атмасферу свята, прачытаўшы гэты тэкст.
Што гэта за свята — Каляды?
Назва свята — Каляды — мае язычніцкія карані. Лічыцца, што яна ўтварылася ад слова «кола», што азначае «сонца». Традыцыйна Каляды звязваліся з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году — як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Святкаваць пачыналі 25 снежня, а заканчвалі 6 студзеня. Але калі на нашыя землі прыйшло хрысціянства, свята ўвабрала ў сябе новыя рысы: пачаткам Каляд стала Раство, а канцом — Вадохрышча. Зараз каталікі святкуюць Каляды па старых датах, а праваслаўныя вернікі адзначаюць свята з 6 па 19 студзеня.
Першыя падрыхтоўкі да свята: чысціня ў хаце і абавязковая баня
Калядам папярэднічаў строгі шасцітыднёвы пост, падчас якога трэба было прытрымлівацца шматлікіх абмежаванняў у ежы і паводзінах. Моладзі і дзецям, напрыклад, забаранялася гуляць у вясёлыя і шумныя гульні. Таму свята чакалі з нецярплівасцю.
Сустракаць Каляды належала чыстымі і фізічна, і духоўна. Таму перад святам заўсёды рабілі генеральную ўборку ў хаце, шылі новую вопратку ці апраналі ўсё самае лепшае, мыліся ў бані.
Ад строгага паста да шыкоўнай вячэры
Падчас Каляд праводзілі тры абрадавыя вячэры (куцці) з розніцай прыкладна ў тыдзень. Куцця — гэта густая каша, прыгатаваная з ячменю і запраўленая мёдам, якая абавязкова падавінна была быць на стале. На ўсе тры куцці каша варылася ў адным і тым жа гаршчку. Прычым гатаваць яе ад пачатку да канца павінен быў хтосьці адзін — сама гаспадыня, нявестка або замужняя дачка. Гэта, па павер'і, забяспечвала сям'і адзінства і цэласнасць напряцягу наступнага года. Лічылася, што куцця павінна быць густой і клейкай. Гэта азначала, што ў надыходзячым годзе сям’я будзе жыць у згодзе, і ніхто не памрэ. Спрабаваць кашу падчас падрыхтоўкі забаранялася. Гатовую куццю ставілі да заходу сонца ў чырвоны кут. Пры гэтым пад гаршчочак клалі сена, а зверху накрывалі боханам хлеба.
Напярэдадні Раства, першага дню Каляд, сям’я збіралася на першую куццю, якую называлі «беднай» або «поснай». Гэта была ўрачыстая вячэра, што выпадала на апошні дзень паста, таму ўсе стравы гатаваліся без мяса і жывёльнага тлушчу. Колькасць страў залежыла ад дастатку сям'і, магло быць як 5−7, так і 9−12 страў. У першую чаргу гатавалі бліны, квас з грыбамі, рыбу, аўсяны кісель.
Другая куцця праводзілася ўвечары перад Новым годам у каталікоў і перад Старым Новым годам у праваслаўных. Называлася яна багатай або шчодрай, бо на стол падавалі шмат мясных страў: сала, мяса, смажаныя каўбасы, кравянку, халадзец і інш. Сама куцця рабілася на сале або масле. Част напярэдадні свята калолі свінню, што для бедных сем’яў было выключнай з’явай, бо Каляды былі ледзь не адзіным святам, калі можна было ўдосталь наесціся мяса.
Трэцяя, апошняя куцця, была поснай, як казалі, «вадзяной». У гэты час адбываўся рытуал «запісвання каляд». Гаспадар маляваў крэйдай крыжы на варотах, дзвярах, каб зберагчы свой дом ад злых духаў.
Першы дзень Каляд: сена пад абрусам, узгадванне продкаў і містычныя абрады
Калядная вячэра пачыналася з узыходам першай зоркі. На сярэдзіну стала гаспадыня ставіла гаршчок з кашай і талерку з блінамі. Бліны разразалі крыж-накрыж і такім чынам свянцілі іх. Гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву, затым ставіў свечку ў чырвоны кут і першым садзіўся за стол. Па левую руку ад яго садзілася мужчынская палова сям'і, па правую — жонка і дачкі. Перад тым, каб прыступіць да ежы, гаспадар браў лыжку куцці і клаў яе на падваконнік або на парог. Гэта была даніна павагі продкам, бо адно з залатых правілаў народнай культуры абвяшчае: «Перш чым сабе — продкам».
Калі ў сям'і з’яўляўся дзіця, то яго абавязкова клалі на стол, тым самым вылучаючы яму месца. А калі дачка гаспадара павінна была выйсці замуж, яе тройчы абводзілі вакол стала і перадавалі жаніху, што азначала «выпісванне» з сямейнага кола.
Стол перад першай куццёй прыбіралі па-асабліваму. Пад абрус абавязкова клалі сена, што па павер'і спрыяла добраму надою ў кароў і аберагала статак ад ваўкоў. Таксама гэты звычай звязваюць і з гісторыяй з’яўлення на свет Ісуса Хрыста, згодна з якой сена было ў калысцы, у якую Марыя паклала немаўля пасля нараджэння. У канцы вячэры па гэтым сене гадалі: хтосьці з сям'і выцягваў дзве травінкі, падпальваў іх і падкідаў уверх. Калі сухія травінкі падалі, кранаючыся адно аднаго, лічылася, што сям’я пражыве год дружна. Калі травінкі рассыпаліся ў розныя бакі, то меркавалі, што дамачадцаў нагоняць хваробы і асабістыя непаразуменні. Ёсць і такія звесткі, што сена падкідалі ўверх дзеля таго, каб хутчэй рос лён і была моцнай жывёла. Сена ляжала пад абрусам тры дні, а затым яго аддавалі хатняй жывёле, каб тая на працягу года была здаровай і мела добры прыплод.
Першы дзень Каляд лічыўся выключна сямейным святам. Тыя, хто па розных прычынах апынуліся ўдалечыні ад дома, імкнуліся завяршыць працу і вярнуцца да каляднага абеду. Народ верыў: калі мы ўсе будзем разам за святым сталом, будзем жыць разам і круглы год.
Другі дзень Каляд: вывернутыя кажухі, смерць «казы» і іншыя традыцыі калядоўшчыкаў
Каляды заўсёды былі вельмі папулярнымі ў моладзі, менавіта яна больш за ўсіх удзельнічала ў разнастайных забавах, гульнях, танцах. Хлопцы і дзяўчаты аб’ядноўваліся ў групы па 5−15 чалавек і пераапраналіся ў розныя маскарадныя касцюмы. Была «каза», «конь», «бусел», «мядзведзь». Часам кампанію ўзначальваў «павадыр» — стары сівы дзядок, які вадзіў на павадку «казу». Таксама ў кампаніі калядоўшчыкаў былі музыкі, запявала, механоша (той, хто насіў мех для пачастункаў) і «цыган». Усе апраналіся ў вывернутыя кажухі, «цыганы» вымазывалі твар сажай, павязвалі каляровыя хусткі.
Калядаванне пачыналася на другі дзень. Калядоўшчыкі збіраліся з надыходам цемры і з песнямі абыходзілі па чарзе ўсе хаты. Яны заходзілі ў двор і пачыналі спяваць віншавальныя, хвалебныя песні гаспадару, гаспадыні і іх дзецям, жадаючы ўсяго найлепшага. Кожная сям’я чакала гэтага моманту, таму гаспадар хутка выходзіў на ганак і запрашаў гасцей у дом, дзе разгортвалася сапраўдная тэатральная імпрэза. Галоўнай гераіняй была «каза» — у старажытнай славянскай міфалогіі яна лічылася сімвалам урадлівасці і дабрабыту сям'і. Яна кідалася то на калядоўшчыкаў, то на гаспадароў, бадала дзяцей. А потым раптоўна заціхала і падала на падлогу. Калядоўшчыкі кідаліся да казы, спрабавалі ажывіць яе. Але нічога не выходзіла. І тады нехта пачынаў песню: «Ой, пан ідзе, Каляду нясе, тры кускі сала, каб каза ўстала». Пачуўшы гэта, гаспадыня ішла ў каморку і выносіла калядоўшчыкам пачастункі. Убачыўшы іх, каза «ажывала». Госці з развітальнай песняй пакідалі хату.
У старажытнасці пераапранутых калядоўшчыкаў успрымалі як душы памерлых продкаў, якія вярталіся ў вёску і заглядалі ў кожную хату, каб даведацца, як жывуць іхнія нашчадкі. Пажаданні дабрабыту калядоўшчыкамі - гэта пажаданні душ продкаў, памерлых гаспадароў зямлі. Менавіта таму такім доўгачаканым гасцям немагчыма было адмовіць у падарунках.
З часу распаўсюджвання хрысціянства калядаванне пачало набываць іншы сэнс. Калядоўшчыкі пачалі ўспрымацца як старажытнаіўдзейскія валхвы, якія былі сведкамі з’яўлення на небе Віфлеемскай зоркі, што прывяла іх да месца нараджэння Сына Божага. Цяпер яны хадзілі па вёсках і апавяшчалі пра цудоўную падзею — Раство Хрыстова. А шлях да кожнага дома, які ўспрымаўся як месцазнаходжанне Бога, веры, надзеі, любові, асвятляла і паказвала зорка, якая стала абавязковым атрыбутам абраду. Каляды з «зоркай» святкавалі ў тых рэгіёнах Беларусі, дзе ў асноўным пражывалі каталікі. Яны выконвалі царкоўныя песні на аснове евангельскіх гісторый.
Прыход калядоўшчыкаў азначаў шчасце, здароўе, дабрабыт сям'і напрацягу ўсяго года. Калі калядоўшчыкі па нейкіх прычынах не прыходзілі ў хату, гэта лічылася вялікай непавагай і прадвеснікам розных бед для сям'і. Выключэннем была толькі адна старажытная традыцыя, згодна з якой калядоўшчыкі не хадзілі ў хаты тых, у каго яшчэ не прашоў год пасля смерці каго-небудзь з сям'і.
У гарадах на Каляды ладзілі кірмашы, святочныя гулянні, тэатралізаваныя імпрэзы. Для заможных гараджан ладзіліся балі, танцы. Напрацягу ўсіх Каляд для дзяцей арганізоўвалі спектаклі, танцы, ёлку. Жыхары гарадоў прымалі ў сябе святара, які здзяйсняў святочны абыход вернікаў. Вечарамі хадзілі ў госці ці сустракалі ў сябе сяброў і родных. Сталых людзей па традыцыі частавалі гарэлкай, каўбасой, смажанай птушкай або парасём, а дзяўчат і хлопцаў - арэхамі, пернікамі, семкамі.
Боты, паленцы і іншыя прылады для каляднай варажбы
Калядныя дні лічыліся магічнымі, таму варажба была іх абавязковым атрыбутам. Варажылі ў асноўным маладыя дзяўчыны, каб даведацца, калі пойдуць замуж і як будзе выглядаць іх жаніх. Часам варажылі сталыя жанчыны, якія клапаціліся пра дабрабыт у сям'і. І нават хлопцы часам хацелі даведацца пра сваіх нявест.
Спосабаў варажбы было вялікае мноства. Самы вядомы з іх — кідаць боцік з левай нагі праз плячо. У які бок глядзеў насок, адтуль і павінен быў прыйсці жаніх. Варажылі дзяўчаты і на паленцах — бралі з кастрышча адно, не гледзячы на яго, і па ім вызначалі, якім будзе будучы муж. Калі палена траплялася гладкае, значыць, і жаніх будзе прыгажуном, калі шурпатае — непрыгожым. Калі палена было з сучкамі, значыць, будучы муж будзе з вялікай сям'і. Крывое палена азначала непрывабнасць суджанага.
Сваю будучыню ў адзін з калядных вечароў можна было падслухаць пад вокнамі. Дзяўчыны ішлі да чужой хаты і хаваліся каля яе. Калі чулі, што гаспадар казаў «ідзі», гэта азначала хуткае замужжа. Калі дзяўчына чула, як у доме нехта казаў «сядзі» або «сядай», ёй наканавана было прасядзедь гэты год у дзеўках.
Ёсць шэраг калядных абрадаў варажбы, якія звязаныя з жывёламі. Да прыкладу, гаспадыня пякла аладкі і кожная дзяўчына брала сабе па адной. Затым адчыняліся дзверы, аладкі клаліся на парог і ў хату запускаўся сабака. Чыю аладку ён хапаў першай, тая і павінна была хутка стаць нявестай.
Яшчэ адным прадказальнікам лёсу быў певень або курыца. У пакоі ставілі ваду, люстэрка і насыпалі жыта. Ад таго, да чаго раней падыдзе птушка, залежыла, які ў дзяўчыны будзе жаніх. Калі птушка пачынала кляваць зярно — будзе багаты, глядзелася ў люстэрка — прыгожы, пачынала ваду піць — п’яніца.
Вечар перад Новым годам
У вечар перад Новым годам (у праваслаўных — перад Старым Новым годам) святкавалі багатую, або шчодрую куццю. Кожная гаспадыня імкнулася прыгатаваць як мага больш мясных страў, каб сустрэць Новы год у поўным дастатку і каб увесь наступны год быў сытым. У гэты вечар таксама чакалі незвычайных гасцей. У вёсках па хатах хадзілі дзяўчыны і праводзілі абрад шчадравання. Яны выбіралі самую прыгожую сярод сябровак, апраналі яе ў святочны ўбор, а на галаву надзявалі вянок, упрыгожаны стужкамі. Дзяўчыну-прыгажуню называлі «шчодрай». Калі яна заходзіла ў хату, то гэта абяцала гаспадарам у новым годзе багатае жыццё, шчодры ўраджай, захаванне хатняга дабрабыту. Падчас абыходу вёскі дзяўчыны спявалі тыя ж песні, што і калядоўшчыкі на першую куццю.
На наступную раніцу да абрадавых абыходаў далучаліся самыя маленькія — вясковыя хлапчукі, якія выконвалі абрад «засеўкі», які на думку нашых продкаў прыносіў добры ўраджай на наступны год. Хлопчыкі хадзілі па хатах і «засейвалі» збожжам чырвоны кут і саміх гаспадароў. Для «пасеву» выкарыстоўвалі спецыяльныя або звычайныя пальчаткі ці адарваны ад старой кашулі рукаў, куды загадзя насыпалі жыта, пшаніцу або ячмень. Часам насілі два такія рукавы: у другі гаспадары клалі пачастункі і дробныя грошы.
Апошні дзень Каляд і вяртанне да звычайнага жыцця
Трэцяя куцця адзначалася напярэдадні Вадохрышча. Гэты вячэра не была доўгай. Людзі елі паспешна, спадзеючыся, што летам так жа хутка справяцца з асноўнымі палявымі працамі. Застолле заканчвалася жартоўнай гульнёй-абрадам. Гаспадыня брала качаргу і злёгку тузала ёй гаспадара. Той хутка падаў. А гаспадыня тым часам гаварыла: «Каб так хутка снапы ў гадзіну жніва падалі». На гэтым Каляды заканчваліся, і людзі прыступалі да сваёй паўсядзённай працы.
Адзначаць Каляды — адна з прыгожых старажытных традыцый Беларусі. Многія ўнікальныя калядныя абрады, якія захаваліся ў розных рэгіёнах краіны, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіныі. Часам святкаванне Каляд гуртуе людзей і ў гарадах, няхай і ў больш сучасным фармаце. Таму хочацца спадзявацца, што з часам традыцыі гэтага свята будуць толькі ўзбагачацца.
Дзякуй, што дачытаў да канца. Мы рады быць карыснымі. Каб даведацца больш цікавага, глядзі наступныя матэрыялы:
Художники белорусской земли: часть первая
Как выглядели белорусские студенты прошлого века? Ищем на фото своих родителей, бабушек и дедушек
Не прапускай важныя навіны і падпісвайся на наш YouTube, ВК, Instagram, Telegram, Facebook і апавяшчэнні на adukar.by.
***
Калі хочаце размясціць гэты тэкст на сваім сайце ці ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрукоўка матэрыялаў магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.