Літаратура па-беларуску сёння выходзіць далёка за межы школьных падручнікаў. На паліцах кнігарань і ў інтэрнэт-крамах чакаюць сваіх чытачоў творы сучасных айчынных аўтараў, а таксама замежная класіка ў перакладзе на беларускую. Мы прапаноўваем вам пазнаёміцца з сямю аўтарамі і іх кнігамі, выдадзенымі па-беларуску.
Дж. К. Роўлінг. «Гары Потэр і Таемная зала»
Другі год навучання ў Хогвартсе падрыхтаваў для Гары Потэра новыя выпрабаванні: нешта або нехта пачынае ператвараць вучняў Хогвартса ў камень. Можа, гэта Драка Малфой? А можа, гэта Хагрыд, чыё таямнічае мінулае ўрэшце раскрылася? Ці, можа, гэта… сам Гары Потэр?
П (е)рачытаць па-беларуску можна яшчэ «Філасофскі камень» і «Вязня Азкабана».
Юя Вісландэр, Лота Гефенблад. «Ёрдзіс»
Дзяўчынка Ёрдзіс жыве ў адным з раёнаў Стакгольма Хагалундзе разам з мамай, татам, сястрой і бабуляй. Яна распавядае нам пра розныя цікавыя здарэнні са свайго жыцця. А яшчэ ў Ёрдзіс ёсць шкатулка, куды яна складвае паперкі, на якіх напісана самае жахлівае, што можа з ёй здарыцца.
Вольга Шчукіна. «Чарадзейны крышталь, або Нечаканы госць»
Дзесяцігадовыя Светка і Міцька з Мінска трапляюць у неверагодныя і захапляльныя прыгоды, калі маленькі вядун з суседняга сусвету Мараш нечакана зʼявіўся ў пакойчыку дзяўчынкі, шукаючы Чарадзейны Крышталь.
Анатоль Бутэвіч. «Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў»
Герой казкі Данік наведвае адно з самых таямнічых і легендарных нясвіжскіх збудаванняў — Радзівілаўскае метро. Разам з чароўным бардова-чырвоным канём хлопчык спускаецца ў глыбокія і загадкавыя лёхі.
Яны злучаюць некаранаваную сталіцу Нясвіж і цыганскую сталіцу Мір. Вы шмат чаго зможаце даведацца пра жыццё, дзейнасць і багацці Радзівілаў, калі будзеце назіральнымі і ўважлівымі падчас падарожжа па Радзівілаўскім метро разам з Данікам.
Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак. «Гімназія № 13»
Сямікласнікі мінскай гімназіі трапляюць у вельмі незвычайную сітуацыю. Іх гімназія зачараваная і, каб вярнуцца ў нармальны свет, ім трэба наладзіць стасункі з дамавымі («кабінетнымі»), угаварыць ката Ваську даць неабходныя інструкцыі як дзейнічаць, збіраць нязвыклыя артэфакты, але самае галоўнае — вырашыць тысячагадовую спрэчку Белых і Чорных язычніцкіх багоў.
Чытачоў чакае захапляльнае падарожжа ў свет міфаў і легенд.
Джэйн Остэн. «Пыха і перадузятасць»
Дзеянне рамана адбываецца ў Англіі ХVIII стагоддзя. У небагатай сям'і Бэнет — пяць дачок і ўсіх прыгажунь трэба выдаць замуж. Па суседству пасяляецца малады і нежанаты містар Бінглі, у якога шмат прыстойных сяброў.
Адзін з самых яскравых — пыхлівы містар Дарсі. Менавіта ім зацікавілася наравістая Элізабет Бэнет. Маладая ледзі і джэнтэльмен не жадаюць саступаць адзiн адному ні ў чым.
Ева Вайтоўская. «Гарэзлівы пацалунак. Кніга 1» (16+)
Дзеянне першай кнігі адбываецца ў сярэдняй школе аднаго з мікрараёнаў Мінска. Ціхая троечніца Соня Сінічка вучыцца ў выпускным класе. Аднаго дня яна прызнаецца ў каханні найлепшаму вучню школы Максіму Статкевічу.
І з таго часу яе жыццё мяняецца да непазнавальнасці. Далей падзеі перанясуцца на філалагічны факультэт беларускага ўніверсітэта, экалагічны летнік і ў офіс сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі.
***
Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.
***
Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.