За стагоддзі існавання беларускай літаратуры было складзена безліч вершаў і не меней зборнікаў. У гэтым матэрыяле расскажам пра пяць зборнікаў, якія аб’ядноўвае арыгінальная канцэпцыя.
«Дудка беларуская»
Францішак Багушэвіч напісаў гэты паэтычны зборнік у 1890-м годзе, ашячэ праз год выдаў яго ў Кракаве беларускай лацінкай пад псеўданімам Мацей Бурачок.
У прадмове да зборніка Мацей Бурачок звяртаецца да братоў-беларусаў з просьбай шанаваць родную мову і расказвае пра велічнае мінулае беларускага краю:
«Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседзкую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй!
А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!
Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы".
Словамі «А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей!» Мацей Бурачок запрашае далучыцца да распачатай справы — пісаць на роднай мове.
І гэты кліч «быў пачуты»…
«Смык беларускі»
У 1894-м годзе Францішак Багушэвіч выдае ў Познані другі зборнік ужо пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава.
Так, паміж апавядальнікамі Мацеем Бурачком і Сымонам Рэўкай, завязваецца дыялог:
«А праўду сказаў Бурачок у сваёй «Дудцы», што ўсе мы завём нашу мову «мужыцкай», і так — нічагусенька, як бы так і трэба!
<…> Не раўня я Бурачку, — ён лепей, можа, знае жыццё мужыцкае, больш, можа, відзеў і чуў; але так мне спадабаліся, яго тыя вершы, што і я здумаў папрабаваць штокольвек напісаць.
<…> Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык няхай і мая ксёнжачка завецца струмантам якім; вот я і назваў яе «Смык». Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была «Дудка» — вот і мы зробім музыку, як тыя жыдкі, што на цымбалах іграюць".
І знайшоўся той, хто «дарабіў скрыпку»…
«Скрыпка беларуская»
Алаіза Пашкевіч (Цётка) выпусціла ў 1906-м годзе зборнік вершаў «Скрыпка беларуская» пад псеўданімам Гаўрыла з-пад Полацка. У прадмове апавядальнік шчыра падзякаваў Мацею Бурачку за тое, што цяпер ведае, кім яму, Гаўрыле, звацца:
«Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова «тутэйшы» мне нексьць не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі «Дудка» Мацея Бурачка: яна-то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцку, значыцца, ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, той беларус.
<…> З таго дня пачаў і я майстраваць інструмант. Выйшла з-пад рук «Скрыпка». Цяпер кручу «Струны». А ты, Мацей Бурачок, ідзі, ідзі ўздоўж і папярок нашага беднага краю, братоў родных вітай, да курных хат заглядай, мо знайдзеш там артыста, каторы збярэ ўсе нашы беларускія інструманты і наладзіць гранне як мае быць".
Алаіза Пашкевіч нібы двойчы «пакланілася» справе Францішка Багушэвіча: першы раз назвай свайго зборніка, другі — сугучным псеўданімам (Сымон Рэўка з-пад Барысава — Гаўрыла з-пад Полацка).
Сімвалічная канцоўка прадмовы да «Скрыпкі» быццам далучае ўсю наступную беларускую паэтычную спадчыну да таго «аркестра», пачатак якому паклаў Францішак Багушэвіч.
«Жалейка»
У вершах «Жалейкі» выразна чуецца глыбокая павага да простага чалавека, мужыка. Паэт называе яго «панам сахі і касы».
«Тазік беларускі»
Праз 90 гадоў пасля выхаду «Жалейкі» ў Мінску пабачыў свет «Тазік беларускі». Гэты зборнік належыць літаратурнаму аб’яднанню «Бум-Бам-Літ», якое ўзнікла ў 1995 годзе. Арганізавалі яго Зміцер Вішнёў, Юрась Барысевіч, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Ільля Сін і інш.
Аўтары зборніка звяртаюцца да чытачоў са словамі: «Браты і сястрычкі нашыя, людзі беларускія! Не цурайцеся буму свайго, каб не ўмерлі!<…>»
Навошта такая дзіўная назва? Ці гэта новая гульня «ў рожкі са старымі»? «Тазік беларускі» — прыклад постмадэрнісцкага мастацтва, як, уласна, сама творчасць аб’яднання. На думку бумбамлітаўцаў, слова і сэнс вычарпалі сябе, ва ўмовах тэхнагеннай цывілізацыі яны мусяць саступіць месца гуку і рытму.
Чытво гэта можа смакаваць не кожнаму, асабліва калі чалавек знаёмы з беларускай літаратурай толькі па школьнай праграме. Але зборнік — з'ява адметная.
Вось так паэты розных часоў па-свойму спрабавалі дагрукацца да сэрца, душы, розуму беларусаў.
Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.
ЦТ анлайн