Здаць ЦТ на 100 балаў, нават рыхтуючыся з выкладчыкам, — складаная задача. У 2019 годзе з 22 тысяч зарэгістраваных абітурыентаў толькі 42 чалавекі напісалі тэсціраванне па беларускай мове на максімальны бал. А ці можна атрымаць доўгачаканую сотачку, калі рыхтуешся самастойна? Пра гэта мы даведаліся ў выпускніка гімназіі № 21 г. Мінска і вучня Адукар Зміцера Горбача, які напісаў ЦТ па мове на 99 балаў.
Наш герой цікавіцца праграмаваннем і любіць вандраваць. У 2019 годзе скончыў гімназію № 21 г. Мінска з залатым медалём, атрымаўшы адзіную дзявятку па фізкультуры. Паспяхова ўдзельнічае ў інтэлектуальных гульнях, дзякуючы чаму летам паедзе ў лагер Беларускай лігі інтэлектуальных каманд.
Скажы, калі ласка, куды збіраешся паступаць і ці лёгка было вызначыцца са спецыяльнасцю?
Яшчэ з дзяцінства асаблівую цікавасць у мяне выклікала інфарматыка. І калі ў 7 класе я пазнаёміўся з асновамі праграмавання, то зразумеў, што хачу звязаць з ім сваё жыццё. Менавіта таму ў мяне не ўзнікла праблем з выбарам будучай прафесіі. Зараз я планую паступіць у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Спадзяюся, што гэта мара стане рэальнасцю.
Раскажы падрабязней пра свой удзел у алімпіядах
Я мэтанакіравана пачаў удзельнічаць у алімпіядах з восьмага класа. Тады я пайшоў на алімпіяду па беларускай мове і добра напісаў комплексную работу. У той жа час цікавіўся і інфарматыкай, пісаў для сябе невялічкія праграмкі. У канцы восьмага класа даведаўся пра алімпіяду па інфарматыцы, але паабяцаў настаўніку пайсці на мову. Я зноў выдатна напісаў комплекс, але заваліў водгук, і вуснае выказванне было не надта добрае.
Тады я вырашыў перайсці на інфарматыку. І не пашкадаваў, бо гэта было сапраўды крута. Двойчы выходзіў на горад, займаў дыплом трэцяй ступені, але, на жаль, да рэспублікі абодва разы не дайшоў. Усё ж такі атрыманыя веды, новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі былі вартыя таго.
А пра мову не забываў, канечне. І камп’ютар, і тэлефон, і ноўтбук — усё на роднай мове. З тэлефонам увогуле асобная гісторыя (усміхаецца). Калі я купіў свой тэлефон (марка Xiaomi), у наладах не было беларускай мовы. І вось я пачаў цікавіцца, дзе і як можна дапамагчы з перакладам. І праз год выйшла прашыўка на беларускай мове, а маё імя зараз у спісе перакладчыкаў. У 2019 годзе яшчэ напісаў артыкул па гэтай тэме на навукова-практычную канферэнцыю і заняў першае месца на рэспубліцы. Шкада, што для паступлення мая перамога ніякіх бонусаў не дае. Але не гэта галоўнае.
Зміцер, калі ты пачаў рыхтавацца да ЦТ?
Да ЦТ па беларускай мове, сам таго не ведаючы, я пачаў рыхтавацца яшчэ ў дзявятым класе, калі пайшоў на раённую алімпіяду. Рыхтаваўся я сур’ёзна, але на горад выйсці не пашанцавала. Пазней, як аказалася, атрыманыя веды спатрэбіліся перад паступленнем (усміхаецца). Рыхтавацца да матэматыкі і фізікі мэтанакіравана я стаў толькі ў адзінаццатым класе. Прааналізаваўшы вынікі трэцяга этапа РТ у дзясятым класе (а яны былі жахлівыя) і зразумеўшы, што мне патрэбна дапамога ў сістэматызацыі матэрыялу (асабліва па фізіцы), я вырашыў запісацца на курсы ў Адукар.
Як праходзіла падрыхтоўка?
Да ЦТ па мове я рыхтаваўся самастойна, рашаючы розныя тэсты дзесьці раз на тыдзень. У падборцы матэрыялаў мне дапамагала мая школьная настаўніца. Да яе я звяртаўся і калі ў мяне ўзнікалі пэўныя цяжкасці. Што да матэматыкі і фізікі, то хадзіў на курсы ў Адукар да Дзмітрыя Судніка (тры гадзіны на тыдзень па кожным прадмеце). На занятках мы пісалі шматлікія тэсты, разбіралі розныя падыходы да рашэння тэставых заданняў.
Як змяняліся балы па выніках РТ? Ці быў прагрэс?
Я хадзіў на ўсе тры этапы РТ, а таксама самастойна пісаў дэманстрацыйны варыянт. Бал па беларускай мове быў стабільны (96, 96, 93 за тры этапы адпаведна). Бал па матэматыцы і па фізіцы пакрысе рос (72, 74, 75 — матэматыка; 68, 72, 75 — фізіка). Пры гэтым дэманстрацыйныя этапы (матэматыка — 98, фізіка — 78) я напісаў досыць добра, але там было шмат заданняў з мінулых гадоў.
Выдатныя вынікі! І ці змог перад ЦТ расслабіцца, лічачы, што сотачка ў кішэні?
Я не лічу, што высокі бал на РТ — падстава расслабіцца перад ЦТ. Так, можна надаваць больш часу іншым прадметам. Але варта памятаць, што веды ўвесь час патрэбна асвяжаць. Інакш можна проста забыць пэўныя нюансы. Звярніце ўвагу на тэмы, якія даюцца вам з цяжкасцю. Паўтарайце, рашайце тэсты (хаця б раз-два на тыдзень) — і тады ўдача павярнецца да вас.
Як прайшло ЦТ па беларускай мове? Якія заданні падаліся самымі цяжкімі?
ЦТ па беларускай мове мне здалося досыць лёгкім. Не было заданняў, якія б выклікалі асаблівыя цяжкасці. Але ўсё-такі прымусіла задумацца заданне па марфеміцы (А8, здаецца). Астатняе было дастаткова лёгкім і чаканым. Адзінае заданне, выкананае часткова правільна, — А22. Вырашыў не выдзяляць коскамі адзіночнае дзеепрыслоўе, бо чамусьці здалося, што яно цесна звязана з дзеясловам. Вывад: карыстайцеся правіламі.
Частае пытанне абітурыентаў: ці было ЦТ па беларускай мове 2019 года больш складаным, чым РТ?
Я б не сказаў, што ЦТ было больш складаным за РТ. Мабыць, нават ЦТ было крыху лягчэйшым. Структура і парадак заданняў былі абсалютна такія ж, як і на РТ. Нават некаторыя словы з заданняў па арфаграфіі ўжо сустракаліся раней на рэпетыцыйным тэсціраванні.
І ці варта ЦТ такіх хваляванняў, якія яно выклікае ў абітурыентаў? Ці такі страшны чорт, як яго малююць?
Я лічу, што ЦТ не варта хваляванняў і залішніх турбот. Гэта толькі чарговы крок на жыццёвым шляху. Вядома, я хваляваўся. Але, калі ўвайшоў у аўдыторыю, мяне ахапіў абсалютны спакой. І ўсё прайшло выдатна.
Што ты параіш будучым абітурыентам у падрыхтоўцы да ЦТ?
Рыхтуйцеся ў сваё задавальненне, не перагружайце сябе. Трэба імкнуцца, каб прадмет выклікаў зацікаўленасць.
Калі ты рыхтуешся да ЦТ па беларускай мове, паспрабуй пагрузіцца ў яе. Зрабі крок да беларускасці, карыстайся нашай мовай у жыцці. Мабыць, спачатку гэта будзе цяжка, неяк нязвыкла. Але калі пагрузішся ў мову, адчуеш яе, то яна стане для цябе больш, чым школьным прадметам.
І ў мове, і ў матэматыцы, і ў фізіцы нельга вызубрыць нейкае правіла. Можна толькі зразумець яго. У матэматыцы трэба шмат рашаць. Без практыкі тэорыя хутка забываецца. Дарэчы, і ў матэматыцы, і ў фізіцы няма патрэбы вучыць усе формулы, галоўнае — зразумець, адкуль яны бяруцца і што абазначаюць. Падчас экзамена ты можаш проста не ўзгадаць якую-небудзь страшэнную формулу, але лёгка выведзеш яе, калі будзеш ведаць як.
ЦТ па фізіцы — усё тое самае. Зразумеўшы сутнасць фізічных з’яў, супаставіўшы сухія законы і формулы з тым, што бачыш у жыцці, ты зможаш справіцца з тэстам.
І галоўная парада для ўсіх абітурыентаў - не хвалявацца! Мабыць, гучыць вельмі банальна, але гэта наш галоўны вораг на тэсце. Нават самае простая заданне праз стрэс можа апынуцца невырашальным.
А на што варта звярнуць увагу падчас напісання тэста?
Што да самога напісання ЦТ, я б параіў не хвалявацца. Размеркаваць час, каб яго хапіла на ўсё (на тэстах па мове яго дастаткова, каб усё зрабіць і пераправерыць). Калі вы не можаце зразумець, што ад вас хочуць у заданні, проста адпачніце хвілінку-другую, пасядзіце спакойна, не панікуйце. Карысныя думкі прыйдуць да вас. Абавязкова вазьміце з сабой бутэльку вады. У стрэсавай сітуацыі вада — выдатны памочнік.
Не перагружайце сябе ў дзень перад ЦТ. Калі вы сістэматычна паўтаралі матэрыял на працягу года, усё будзе добра. Калі не, то адзін дзень нічога не зменіць. А перагрузка напярэдадні можа прывесці да таго, што вы можаце проста забыцца на тое, што выдатна ведалі.
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by