Войти
Профессии

«Людзі не павінны баяцца рабіць тое, што ім падабаецца. І быць шчаслівымі праз гэта»

Дзяніс Бурко пра платформу «Litara-A», настаўніцтва і мадэлінг

Калі спытаць у чалавека, хто ён па прафесіі, большасць дасць адназначны адказ. Але сярод беларускай моладзі можна знайсці і тых, каму будзе даволі складана абмежавацца адным словам. Нешта нам падказвае, што 27-гадовы выкладчык курсаў беларускай і польскай моў, аспірант Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, мадэль, пісьменнік-пачатковец і адзін са стваральнікаў культурнай платформы «Litara-A» Дзяніс Бурко адносіцца менавіта да такіх маладых людзей. Адукар распытаў Дзяніса пра адукацыю, кар’еру і творчасць, а той шчыра і не адным словам растлумачыў, чаму трэба займацца тым, што падабаецца.

Чаму ты вырашыў навучацца менавіта ў БДПУ імя Максіма Танка?

З адной простай прычыны. Спачатку я вучыўся ў Польшчы, а потым вярнуўся на Беларусь і даведаўся, што ў БДПУ адкрылі кафедру паланістыкі. Мне хацелася працягваць вывучэнне польскай мовы, беларускую я таксама любіў. У вну я ішоў мэтанакіравана, бо хацеў займацца літаратурай. Але, наколькі ведаю, далёка не ўсе з майго патока засталіся ў гэтай сферы.

Чым табе дапамагло навучанне ва ўніверсітэце?

Не ведаю, як зараз у БДПУ займаюцца з моладдзю (я маю на ўвазе розныя сацыяльныя праекты), але тады, калі я толькі паступаў (2008—2009 гады), былі вельмі папулярныя розныя гурткі, КВЗ («Клуб вясёлых і знаходлівых»). Чалавек мог развівацца ў любым накірунку. Што наконт адукацыі, то ў нас на факультэце былі моцныя выкладчыкі мовы і літаратуры. У педзе можна рэалізаваць сябе ў поўнай меры, было б толькі жаданне.

Як думаеш, ці змог бы ты раскрыць свой патэнцыял без вышэйшай адукацыі?

Змог бы, але тут вось такая сітуацыя. Напрыклад, ёсць мастак акадэмічнай школы і мастак-самавук. Гэта два розныя ўзроўні. Гэтаксама і ў філалогіі. Ты атрымліваеш нейкі базіс, вучышся выкладаць свае думкі, правільна пісаць, табе кажуць, якія кніжкі неабходна прачытаць. Гэта ўсё, несумненна, развівае і дае штуршок для ўласнай творчасці.

Чаго, на твой погляд, не хапае педагагічнаму ўніверсітэту?

Мне падаецца, што не хапае добрага піяру і прома-акцыі, каб людзі ведалі, куды ідуць. Большасць паступае ў БДПУ, бо, акрамя яго, ім няма куды ісці. Па-другое, у людзей няма матывацыі станавіцца настаўнікамі. Маленькія заробкі, адсутнасць сацпакета адбівае жаданне. А вось калі зрабіць добрую рэкламу і забяспечыць маладых спецыялістаў, то з БДПУ можна зрабіць адзін з топавых універсітэтаў краіны.

Як ты лічаш, ці трэба ўсім людзям атрымліваць вышэйшую адукацыю?

Не. Усе апошнім часам кажуць, што абавязкова. Але калі я жыў крыху ў Польшчы, Італіі, то бачыў, што далёка не ўсе людзі імкнуцца скончыць вну. У іх гэта даволі цяжка і дорага. Я лічу, што і ў нас павінна так быць. Як казаў беларускі пісьменнік Адам Глобус, «вышэйшая адукацыя дае чалавеку магчымасць самаразвіцця, а сярэдняя спецыяльная рыхтуе прафесіянала». Я б на месцы дзяржавы зрабіў упор на сярэднюю спецыяльную адукацыю, каб рабіць прафесіяналаў пэўнай справы. А ў вну трэба зменшыць колькасць месцаў, каб туды ішлі толькі тыя людзі, якія маюць нейкую канкрэтную мэту, у якіх ёсць новыя ідэі, праекты.

Якім, на тваю думку, павінен быць сучасны настаўнік?

Ён павінен падабацца вучням. Быць крэатыўным. Не павінен быць ні строгім, ні вельмі ліберальным. Ён павінен быць аўтарытэтам, за якім будуць цягнуцца вучні. А пасля ён можа свой прадмет пазіцыянаваць, як захоча. Дзеці будуць глядзець на яго і пераймаць нешта, гэта ўжо другаснае. Але, у першую чаргу, ён павінен стаць іх сябрам і лідарам.

А ў цябе атрымоўвалася быць такім настаўнікам?

Атрымоўвалася. Я выкладаў у рускамоўных школах, дзе дзеці ўвогуле не хацелі хадзіць на ўрокі беларускай мовы і літаратуры, бо бацькі ім казалі, што гэта не патрэбна. Напрыканцы яны чыталі Васіля Быкава з цікавасцю і не ў скарачэнні.

У жыцці кожнага чалавека ёсць месца самаадукацыі. Якое месца яна займае ў тваім жыцці?

Самаадукацыя для мяне — гэта чытанне. Чытаць трэба шмат рознага, пачынаючы ад старадаўніх грэкаў, рымлянаў і заканчваючы сучаснай лаціна-амерыканскай літаратурай. Не трэба зацыклівацца на беларускіх творах, а чытаць і па-руску, і па-польску, і на іншых мовах. Літаратура — гэта інфармацыя чалавечай душы. Можна, канешне, гэтыя кнігі проста глытаць, але больш карысці будзе, калі іх перачытваць і старацца аналізаваць. Таксама для самаразвіцця можна спрабаваць пісаць «у стол».

Чым ты займаешся ў вольны час?

Люблю вандраваць. Люблю бываць у іншых краінах, знаёміцца з людзьмі, ездзіць на моўныя курсы. Па Беларусі таксама люблю вандраваць. Крыху пішу прозу. Вандроўкі даюць мне шмат новых уражанняў, вобразаў, з якімі я магу гуляць ў сваіх творах.

Паказваеш людзям свае творы?

Так. Ёсць творы, якія ўжо выйгралі нейкія конкурсы. Але я скептычна стаўлюся да сваёй творчасці. Тэкст стараюся максімальна адшліфаваць, калі штосьці нараджаецца такое. Зараз працую над адным творам. Я думаю, што ён будзе дастаткова цікавым пэўнаму колу людзей.

Дзяніс, а кім ты марыў быць у дзяцінстве?

Не так даўно я пераглядаў відэакасету з пачатковай школы. І там, на пытанне, чым вы хочаце займацца ў будучыні я адказаў, што мару стаць археолагам. Я і не ведаў, што ўяўляе сабой археалогія, як навука. Але мне падабаліся людзі, якія цікавіліся культурай, старымі замкамі, раскопкамі. У гэтым было штосьці таямнічае. Нешта такое ёсць і ў літаратуры, асабліва, калі казаць пра фальклор.

Чым ты займаешся цяпер?

Зараз я пішу працу ў аспірантуры на кафедры беларусістыкі. Таксама займаюся платформай «Litara-A». У нас некалькі праектаў, мы развіваем іх паралельна. У школе я ўжо не працую. Яна займае шмат часу. І, па вялікім рахунку, тыя намаганні, якія ты прыкладаеш, не аплочваюцца. Таму зараз я выкладаю на розных прыватных курсах польскую мову. Больш часу я адводжу, канешне, праектам «Litara-A».

Як у вас з’явілася ідэя стварэння такога культурнага праекта?

Гэтая ідэя прыйшла яшчэ пад канец навучання ва ўніверсітэце. Мне падабалася дэкламаваць вершы. Я бачыў, што людзям, нават далёкім ад літаратуры, было цікава слухаць. Я пайшоў да свайго знаёмага, Пашы Доўнара (ён з’яўляецца сустваральнікам «Litara-A» і рэжысёрам усіх ролікаў). Мы паспрабавалі зняць першых пяць пілотаў - і яны стрэлілі. Пра нас напісалі, нас падтрымалі розныя СМІ. Пачалі прыходзіць людзі.

Верш Марка Шагала «Гэтулькі год» чытае беларускі акцёр і тэлевядучы Юры Жыгамонт
Верш Ірыны Ляшкевіч «Каханне малітвай назвала…» чытае беларуская гімнастка Меліта Станюта

Якая мэтавая аўдыторыя платформы «Litara-A»?

Пачынаючы ад 16 гадоў і заканчваючы 35−40 гадамі. Прагрэсіўныя маладыя людзі, якія хочуць развівацца, якія шукаюць штосьці новае, якія любяць чытаць, любяць літаратуру. Яшчэ гэта стылёвыя людзі, таму што «Litara-A» — стылёвы прадукт.

Як вы плануеце развівацца далей?

Мы ўжо правялі вялікі конкурс для маладых літаратараў «A-LOVак» і хочам зрабіць штогадовую намінацыю. Таксама ажыццявілі праект «Litara-Art» з маладымі беларускімі мастакамі: падавалі літаратурнае апісанне карцін. Ёсць музычны праект «S.P. Сьпяваная паэзія». Рыхтуецца яшчэ адзін, але пакуль не ведаю, калі мы яго анансуем. Ён будзе называцца «ТэАрт» і, адпаведна, будзе звязаны з тэатрам. Першапачаткова «Litara-A» ўключала ў сябе толькі праект «Відэавершы», а цяпер гэта паўнавартасная платформа, назва брэнда.

Мы ведаем, што ты яшчэ працуеш мадэллю. Як ты трапіў у гэтую сферу?

Патрапіў я ў мадэльную сферу на першым курсе ўніверсітэта. У нас у педзе быў праект «DзіКаVаТа». Я пачаў хадзіць туды, там былі ўрокі дэфіле. Гэта было даволі цікава. І, увогуле, шмат людзей, якія выйшлі з «DзіКаVаТа», актыўна займаюцца мадэлінгам у Беларусі.

Што табе больш за ўсё падабаецца ў мадэльным бізнэсе?

Мае любімыя праекты — фінансавыя. Ёсць добрыя закрытыя паказы, якія добра аплочваюцца. А для душы ўсё ж такі была «DзіКаVаТа». Я зараз не ўдзельнічаю ў TFP-здымках [супрацоўніцтва мадэлі і фатографа, якое не аплочваецца — заўвага рэд.], аматарскіх паказах. Я ўжо не маю на гэта ні часу, ні вялікага жадання.

Якім сваім дасягненнем ты ганарышся?

Напэўна, стварэннем платформы «Litara-A». Дзякуючы ёй шмат людзей прыйшло да беларускасці. Яна далей і далей будзе развівацца. У яе вялікая будучыня.

Што ты можаш параіць тым, хто толькі выбірае свой шлях у жыцці?

Быць шчырымі. Рабіць так, як хочацца. Хочацца пець, танцаваць, пісаць? Так і рабі! Зараз, напрыклад, папулярная камп’ютарная дзейнасць, праграмаванне. І калі чалавек прымушае сябе ісці ў нейкую сферу, гэта не вельмі правільна. Трэба дамовіцца з самім сабой і ісці, як кажуць, куды цягне сэрца або ўнутраны голас.

Якімі ты хацеў бы бачыць беларусаў будучыні?

Незалежнымі. Унутрана. Каб людзі не баяліся рабіць тое, што ім падабаецца, і былі шчаслівымі праз гэта.

Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by

Привет! Ты уже записался на наши итоговые занятия перед ЦТ? Такие занятия мы проводим уже четвёртый год, и преподаватели нашего учебного центра научились достаточно точно предсказывать, какие вопросы будут на ЦТ. На этом занятии мы прорешаем их вместе с тобой! Регистрируйся, если еще не сделал этого — и увеличь свои шансы на поступление!