Са шчырым захапленнем гэтыя людзі гавораць пра беларускую культуру, з цеплынёй і ласкай вымаўляюць кожнае беларускае слоўца і як уласную трагедыю перажываюць заняпад беларускай мовы. Адсутнасць у пашпарце беларускага грамадзянства ніяк не перашкаджае ім цягнуцца да беларускасці.
Напрыканцы гэтага лета яны па самастойнай ініцыятыве і за свае сродкі прыехалі ў Беларусь, каб прыняць удзел у Міжнароднай летняй школе беларусістыкі, арганізаванай Беларускім дзяржаўным ўніверсітэтам. Адукар з непрытоенай цікаўнасцю распытаў замежных аматараў беларускай мовы пра ўражанні ад паездкі.
Варвара Поварава, студэнтка філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вывучае балгарскую мову, збіраецца асвойваць польскую. Вольна валодае беларускай і ўкраінскай, апошнюю выкладае школьнікам.
Іштван Ковач, студэнт Будапешцага ўніверсітэта. Любіць славянскія мовы. Акрамя роднай, валодае англійскай і нямецкай мовамі. Пачынае вывучаць беларускую.
Даніла Рудзянок, магістрант філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вывучае старажытную рускую мову, славістыку.
Адам Фалбр, студэнт Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Знаёмства з мовамі пачынае з захаплення самімі краінамі.
Вывучэнне замежных моў — надзвычай карысная справа для сучаснага чалавека. А хто яшчэ не ўпэўніўся ў гэтым, таго з лёгкасцю пераканаюць замежныя аматары беларускага слова, кожны з якіх па-свойму прыйшоў да вывучэння не вельмі распаўсюджанай, але несумненна прыгожай еўрапейскай мовы.
З чаго пачалося ваша захапленне беларускай мовай?
Варвара: З любві! (усміхаецца) Мне заўсёды падабалася ўкраінская мова, і аднойчы я падумала: «А чаму б яшчэ і беларускую не вывучыць?» Я сябравала з хлопцам з Беларусі, які размаўляў са мной на сваёй мове. Ён раіў мне розныя кніжкі. Вось так я і зацікавілася беларускай мовай. Увогуле, я б хацела займацца ёй паглыблена, у навуковым плане таксама.
На славянскай кафедры філалагічнага факультэта МДУ вывучаюцца розныя мовы, аднак беларускай яшчэ няма. У нас ёсць прадмет беларуская літаратура (выкладчыца, дарэчы, беларуска па паходжанні), але гэта ўсяго 4—5 лекцый. Я спадзяюся, што сітуацыя зменіцца.
Іштван: Беларускую мову вучыць цікава. У венгерскай ёсць некоторыя падобныя словы, напрыклад, «varazhyts» («варажыць»). Але венграм цяжка вучыць славянскія мовы. Ёсць складанасці з арфаграфіяй. У нас іншая сістэма.
Данііл: Кожны філолаг, на маю думку, павінен ведаць не толькі сваю мову, але і іншыя, каб шырэй успрымаць іх з’явы. Ведаць іншыя славянскія мовы трэба абавязкова.
Адам: Я даўно цікаўлюся Беларуссю. Ва ўніверсітэце можна было выбраць беларускую мову і вывучаць яе як другую замежную. І я быў вельмі рады, што гэта зрабіў, бо ў наступным годзе такую магчымасць прыбралі.
У беларускай мове мне падабаецца яе мілагучнасць, розныя фанетычныя асаблівасці, а таксама правапіс, які заснаваны на фанетычным прынцыпе. Калi я чую незнаёмае слова, то звычайна адразу ведаю, як яно пiшацца.
З якімі складанасцямі вы сутыкнуліся пры вывучэнні мовы?
Варвара: Я ніколі беларускую мову спецыяльна не вывучала, проста чытала кнігі, размаўляла, слухала. Але ў Маскве мне заўсёды не хапала практыкі. Складанасці ўзніклі з тым, што ў мове ёсць шмат варыянтаў аднаго слова. Напрыклад, халадзільнік і лядоўня. Якое з іх правільнае? Гэта зблытвае.
Данііл: У мяне былі пэўныя складанасці з фанетыкай. Але самая вялікая праблема — падручнікі, яны проста не трапляюць да нас у Расію. Гэта перашкаджае дасканаламу вывучэнню мовы. У інтэрнэце штосьці ёсць, але часта на тарашкевіцы. А гэта іншыя нормы. Я лічу, што велізарная колькасць нормаў разбурае мову. Яшчэ бывае такое, што мне трапляюцца словы, якіх няма ні ў адным слоўніку.
Адам: Мне вучыцца было не надта цяжка, бо калі я пачынаў вывучаць беларускую мову, то ўжо нядрэнна ведаў рускую. Да таго ж у Празе ў мяне быў выдатны выкладчык, з ягонай дапамогай я мог размаўляць ужо пасля двух семестраў. Толькі беларуская мова не такая распаўсюджаная, як, напрыклад, руская, таму магчымасці практыкі абмежаваныя.
Даволі складана вывучаць мову, калі знаходзішся далёка ад яе носьбітаў. Але ці часта даводзілася гасцям чуць у сталіцы жывое беларускае маўленне?
Ці размаўлялі вы па-беларуску па-за заняткамі?
Варвара: Канешне! З валанцёрамі з БДУ, якія дапамагалі нам падчас навучання. Дарэчы, зараз шмат людзей апранае вышыванкі, што мне вельмі падабаецца, але… Але гэта не паказчык таго, што чалавек размаўляе па-беларуску. Ужо ўпэўнілася. У крамах я саромелася размаўляць з людзьмі па-беларуску, бо ведала: мне будуць адказваць на рускай мове. Але на кніжным кірмашы я бачыла цікавага дзядулю-прадаўца, які па-беларуску гутарыў выдатна.
Данііл: Так, усё залежыць ад месца. Калі ў кнігарнях, то яшчэ можна пачуць беларускую мову. Часам я звяртаўся да людзей па-беларуску, але, на жаль, у адказ таксама чуў рускую мову.
Пасля такіх слоў можа падацца, што ўсё пераблыталася: замежнікі размаўляюць па-беларуску, а самі беларусы — не. Што не так?
Як вы думаеце, чаму беларусы не размаўляюць на роднай мове?
Варвара: Гэта уплыў савецкага часу. Тады людзі думалі: а навошта вывучаць беларускую мову, калі мы ўжо да рускай прызвычаіліся?
На пасіўным узроўні мову ведае амаль кожны беларус, але гаварыць проста так не можа. Аднак я веру ў адраджэнне беларускай мовы і буду імкнуцца хаця б крыху дапамагчы. Мне вельмі балюча ад таго, што беларусы не размаўляюць на сваёй мове. Так не павінна быць.
Іштван: Я сапраўды не ведаю, чаму так… У Венгрыі мова — сімвал нацыі.
Адам: Я ўжо прызвычаіўся да таго, што Беларусь — двухмоўная краіна. Большасць насельніцтва карыстаецца перадусім рускай мовай, але можна знайсці і беларускамоўных. Гэта выбар кожнага беларуса. Моўную сітуацыю ў Беларусі можна параўнаць з сітуацыяй у Ірландыі, дзе таксама дзве дзяржаўныя мовы. Там нацыянальную мову выкарыстоўвае яшчэ меншая колькасць жыхароў.
Тут каментарыі будуць залішнімі. Падтрымка з боку прадстаўнікоў іншых культур павінна абудзіць свядомасць беларусаў.
Ці спадабалася вам займацца ў летняй школе?
Варвара: Так! На курсах было так цікава, што я амаль спаць не хацела. У сваім універсітэце часам засынаю на занятках (смяецца). Мы шмат размаўлялі па-беларуску, выказвалі свае думкі. У нашай трэцяй групе (павышаны узровень) навучалася і японка, і немец. Вельмі цікава, калі кожны распавядаў штосьці пра сваю краіну. Лекцыі нам чыталі прафесіяналы, майстры сваёй справы — выкладчыкі БДУ, Інстытута культуры. Усё было добра спланавана, у мяне нават часу вольнага не заставалася, і гэта добра.
Іштван: Мне вельмі спадабалася, выкладчыкі тут professional, lection выдатныя. Вывучэнне моў адкрывае свет. Асабліва фальклорныя песні і кнігі. А для мяне гэта яшчэ і вяртанне ў мінулае.
Адам: На маю думку, для прадстаўнікоў невялікіх народаў, чые мовы не вельмі распаўсюджаныя, вывучэнне замежных моў вельмі важна. А гэта не толькі сусветныя мовы. Я, напрыклад, вывучаю мовы тых краін, якія цікавяць мяне самі па сабе. Калі я не ведаю мовы, то адчуваю сябе за мяжой няёмка. І зараз я нават не магу ўявіць, якім было б маё жыццё, калі б я не вывучыў рускую і беларускую мовы.
Пару шчырых слоў госці сказалі і ў адрас самой сталіцы. Чаму б і нам не палюбіць Мінск яшчэ раз?
Варвара: Мінск — горад, у які хочацца вяртацца. І не адзін раз. Гэта штосьці вельмі роднае. Пасля Масквы я тут проста адпачываю. У Мінску ціха, спакойна, светла.
Даніла: У Мінску мне усё падабаецца. Можа, крыху і нагадвае Савецкі саюз, але гэта настальгія (смяецца). У вас засталося шмат таго, чаго у нас ужо даўно няма.
Іштван: Мне таксама падабаецца Мінск. Тут чыста. У Будапешце не так (смяецца). Я таксама адчуваю настальгію. Але цяпер Мінск modern, ёсць новыя будынкі, напрыклад, Нацыянальная бібліятэка. У Будапешце часам пачынаюць будаваць нешта і не заканчваюць.
Адам: Мне падабаецца архітэктура Мінска. Ён пабудаваны паводле пэўнага плана як пышны сонечны горад, таму тут лёгка арыентавацца. Таксама ў Мінску мала турыстаў, хоць і людзей больш, у параўнанні з Прагай. У цэнтры значна спакайней. Прага хутчэй накіравана на турыстаў, а Мінск — гэта горад для жыцця сучаснага чалавека.
Беларусь — даволі самабытная краіна. У крамах шмат беларускіх прадуктаў, якія, дарэчы, вельмі смачныя і якасныя.
Таксама мне вельмі падабаецца, як у Беларусі адзначаюць дзяржаўныя святы. Гарады прыгожа аздабляюцца і паўсюль ствараюцца пляцоўкі для святкавання, дзе праводзіцца нейкая культурная праграма. У нас такога даўно няма.
У гэтым годзе здзейснілася мая мара: я змог пабываць на ўрачыстым канцэрце на Дзень Рэспублікі і праспяваць дзяржаўны гімн Беларусі разам з тысячамі гледачоў. Гэта быў сапраўды вельмі кранальны момант для мяне.
Размова пра нацыянальную самабытнасць прывяла нас да пытання: а якімі бачаць замежнікі саміх беларусаў?
Варвара: Беларусы даволі спакойныя, у іх няма парывістасці. Яны цярплівыя, працавітыя, вельмі гасцінныя, добрыя, адкрытыя. Гэта вельмі лагодныя, лірычныя людзі.
Іштван: Я таксама думаю, што ў Беларусі добрыя і адкрытыя людзі. Хаця ў крамах не заўсёды (смяецца). У далейшым я буду перапісвацца з беларусамі. Думаю, што яшчэ вярнуся сюды.
Данііл: Можна сказаць, што я спачатку пазнаёміўся з беларусамі, а потым ужо з самой краінай.
Узгадваю адзін выпадак, які здарыўся са мной і маім сябрам-беларусам. Гэта быў першы мой прыезд ў Беларусь, ці то ў 2007, ці то ў 2008 годзе. Мы пайшлі па харчовыя прадукты і патрапілі на дзіўную прадаўшчыцу. Яна кідала тавар нам у твар! (смяецца) Цяпер такога ўжо не заўважаў, усе беларусы вельмі ветлівыя, і гэта падабаецца. Ёсць, канешне, у беларусаў і такія рысы (не адмоўныя!), якія перашкаджаюць ім самім. Напрыклад, цярплівасць да ўсяго. Гэта ў пэўнай ступені пазбаўляе развіцця.
Адам: Ужо ў першыя дні тут я знайшоў сабе цудоўных сяброў. Хоць мы не зможам бачыць адзін аднаго часта, але я ведаю, што гэтыя людзі нікуды не знікнуць. У мяне ёсць знаёмыя з БДУ. Была нават каханая дзяўчына.
У кожным народзе ёсць розныя людзі. Але якраз сярод беларусаў вельмі шмат добрых людзей, якія з шчырасцю і павагай ставяцца да гасцей з замежжа. Беларусы мірныя, спакойныя. Мне гэта падабаецца, таму што я не адчуваю сябе добра ў шумнай кампаніі. Характар беларусаў вельмі ўдала адлюстроўвае дзяржаўны гімн краіны.
А ці засталіся б вы жыць і працаваць у Беларусі?
Варвара: Ну, калі быў бы муж адсюль, то напэўна так (смяецца). Я жартую! Калі сур’ёзна, то засталася, калі б знайшла тут жыллё і займела добрую працу, звязаную з беларускай мовай. Мне падабаецца ў Беларусі.
Іштван: Жыць тут? Так. Беларусь — добрая краіна. Чаму б і не?
Данііл: Ну, я не ведаю, якія ў вас іншыя гарады, але ў Мінску я б застаўся. Канешне, тут ёсць некаторыя рэчы, да якіх я яшчэ не паспеў прызвычаіцца. Напрыклад, што крамы зачыняюцца вельмі рана. Я б з задавальненнем застаўся ў Беларусі, калі б у мяне было працоўнае месца ў расійскай установе, але сюды даводзілася б ездзіць у працяглыя камандыроўкі.
Адам: Я сапраўды люблю Беларусь і заўсёды буду з задавальненнем сюды вяртацца. У Мінску я ўжо чацвёрты раз, тут прайшлі мае самыя шчаслівыя месяцы. Мне здаецца, што маё месца тут, у Беларусі.
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by