Да дня нараджэння выбітнага беларускага класіка Янкі Купалы сабралі цікавыя факты аб ягоным жыцці і творчасці.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. (па новым стылю) у вёсцы Вязынка, што цяпер у Маладзечненскім раёне Мінскай вобласці, у сям'і збяднелага шляхціча. Род Луцэвічаў вядомы з пачатку XVII стагоддзя.
Дзед паэта арэндаваў зямлю ў Радзівілаў, але быў выгнаны імі з родных мясцін. Гэты факт быў пакладзены ў аснову драмы «Раскіданае гняздо».
Свае першыя вершы Іван Луцэвіч пісаў на польскай мове. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў часопісе «Ziarno» ў 1903−1904 гадах. Асноўная іх тэма — любоў да зямлі, да працы на ёй, замілаванне прыродай роднага краю. Культурна-асветніцкая і літаратурная дзейнасць пісьменніка Ядвігіна Ш., публіцыста, літаратурнага крытыка У. Самойлы, грамадскага і тэатральнага дзеяча А. Бурбіса заахвоціла маладога паэта пісаць на роднай мове.
Першы верш паэта на беларускай мове — «Мая доля» (1904), быў напісаны лацінкай. А першы апублікаваны беларускамоўны верш - «Мужык» (1905).
Паслухайце песню «Малітва» ў выкананні саліста ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. Упершыню песня прагучала ў 1994 годзе на «Славянскім базары» з нагоды 25-гадовага юбілею творчага калектыва.
У 1908 годзе ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік Купалы — «Жалейка». Цэнтральнае месца ў вершах адводзіцца тэме пакут бедных і малазямельных сялян.
У гэтым жа зборніку упершыню быў апублікаваны верш-гімн «А хто там ідзе?», пазней ён быў перакладзены больш чым на 80 моў свету.
Янка Купала пераклаў на беларускую мову (прозай і вершавана) «Слова пра паход Ігаравы». Гэта першы поўны беларускі пераклад старажытнага літаратурнага помніка. Я. Карскі назваў пераклад Купалы «даслоўным і вельмі ўдалым». Раней за Купалу спрабаваў перакладаць «Слова…» М. Багдановіч, яму належыць пераклад урыўка «Песнь пра князя Ізяслава Полацкага».
Прэм’ера спектакля «Паўлінка» ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.
У 1973 годзе ў Ароў-парку (ЗША, штат Нью-Джэрсі) адкрылі помнік Янку Купалу. Побач з імі - помнікі класікам сусветнай літаратуры: А.С.Пушкіну, Т. Шаўчэнку, Уолту Уітмэну.
Пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Паэта вы таксама можаце на сайце дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
***
Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.
***
Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.