Беларуская літаратура багатая на цікавыя творы з захапляльным сюжэтам. Адукар падабраў для цябе суперскую сямёрку твораў айчыннай літаратуры.
Уладзімір Караткевіч «Ладдзя роспачы»
Аповесці і раманы, п’есы і вершы Уладзіміра Сямёнавіча варта прачытаць кожнаму, хто жадае спазнаць далікатны смак беларускага мастацкага слова. Чаму б не пачаць з філасофскага фэнтэзі? Абаяльны прайдзісвет Гервасій Выліваха з купай такіх жа сяброў немінуча зацягне ў вір прыгод і роздумаў, варта толькі кінуць вокам на радкі.
Юрый Станкевіч «П'яўка»
Душа жадае нечага змрочнага? Антыўтопія, калі ласка. Аўтарскае ўяўленне малюе Беларусь далёкага 2050 года пасля «непажаданых падзеяў» — экалагічных катостроф. Даволі жорстка і натуралістычна пісьменнік папярэджвае пра магчымы надыход жудаснай будучыні.
Андрэй Федарэнка «Бляха»
Колькі чалавечнасці ў чалавеку? Што ёсць выхаванне: прыгожая абгортка, за якой хаваецца духоўная мізэрнасць, ці прыродная чуйнасць, незалежная ад сацыяльнага асяроддзя? Не ўпершыню пісьменнікі задаюцца гэтым пытаннем, абмалёўваючы вострыя праблемныя сітуацыі. Ёсць што сказаць на гэта і Андрэю Федарэнку.
Ніл Гілевіч «Родныя дзеці»
Раман у вершах беларускага класіка не толькі пра каханне ды сяброўства-здраду, але і пра Беларусь, пакуты творчасці, вечныя пытанні.
Таццяна Барысік «Жанчына і леапард»
Беларуская правінцыя з яе паўсядзённым жыццём вачамі сучаснай пісьменніцы не пакіне абыякавым любога чытача.
Алена Брава «Дараванне»
Ларыса Вашкевіч даглядае цяжкахворага свёкра-немца. Нечакана жанчыне адкрываюцца страшныя звесткі: бацька мужа — былы салдат вермахта і службу праходзіў якраз у Беларусі…
Людміла Рублеўская «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» і «Авантуры студыёзуса Вырвіча»
Гісторыка-прыгодніцкія творы з элементамі дэтэктыву і адценнем фантасмагорыі — нерэальных абсурдных падзей. Рэч Паспалітая канца XVIII стагоддзя — панарама, на фоне якой завязваецца мудрагелісты сюжэтны клубок.
Матэрыял быў для цябе карысным? Тады не забудзь паставіць «мне падабаецца» ў нашых сацсетках ВКонтакте, Instagram, Facebook і падзяліцца ім з сябрамі. А мы падрыхтуем яшчэ больш цікавых і карысных матэрыялаў!
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by