Войти
Досуг

7 пачварыкаў з беларускай міфалогіі, якія могуць напалохаць больш за прывідаў

Давайце ўзгадаем беларускі фальклор, а менавіта фантастычных істот і нячысцікаў, на якіх мог бы паляваць Вядзьмар у лясах Беларусі. Ты больш, што атмасфера напрыканцы кастрычніка спрыяе гэтаму.

Паморак

Калі б нам трэба было ўявіць персаніфікацыю масавай смерці людзей і жывёл, то гэта быў бы паморак. Ён можа з’яўляцца людзям у выглядзе ката, сабакі або дзяўчыны з цёмным тварам ці жудаснага аднавокага старога з касматай барадой. Злы дэман заўсёды імкнецца да жытла яшчэ здаровых людзей. Калі яму гэта ўдаецца, ён пачынае знішчаць чалавека. Абараняцца ад паморака можна полымем, здабытым ад трэння. Трэба распаліць вялізныя вогнішчы і не даваць ім тухнуць дзень і ноч. Такім чынам, пачвара не зможа прабрацца ў дом. Таксама можна ўзяць ад вогнішчаў агеньчыкі, занесці ў хату і ўвесь час падтрымліваць іх гарэнне.

Улішчыца

Можам паспрачацца, што вы ніколі не чулі пра ўлішчыцу. Гэта начная пачвара-жанчына з чырвонымі вачыма, вялікім ротам, пляскатым носам, хвастом і поўсцю каровы, якая можа перакідвацца ў дзіка з шасцю нагамі. Гісторыя яе з’яўлення таксама жахлівая. Калі на Купалле саламяную ляльку падпальвалі з падала, што было дрэнным знакам, тады на яе накідвалі пятлю і тапілі ў рацэ. Здаралася, што гэтую ляльку выкідвала на бераг і яна ляжала так доўга, што ажывала і пераўтваралася ў дэмана. Тады яна пачынала заманьваць людзей і змучваць іх да смерці. Часам улішчыца можа падымаць мерцвякоў з могілак і гутарыць з імі.

Злыдні

Да людзей гэтыя здані прыходзяць у выглядзе ні то гарбатых катоў, ні то каўматых сабак. Яны ходзяць зграяй і жывуць у хатах людзей, якія прагнуць хуткага багацця. Лічыцца, што яны прыносяць беды. Яшчэ ёсць Злыдня або Нядоля — гэта дух жаночага полу без вачэй, вушэй ды языка. Яна можа паўставаць у выглядзе балотнай змяі. Таксама нясе людзям няшчасце. Каб адвязацца ад гэтых нячысцікаў, трэба падмануць іх.

Малімон

Гіганцкая істота, падобная да рыбы, жыве ў падземных водах. Згодна з беларускай міфалогіяй, на яе спіне стаіць увесь Палесскі край. Калі Малімон усплывае, рэкі выходзяць з берагоў, а калі апускаецца, здараюцца засухі. Дабрацца да істоты можна па падземных тунэлях. Твар Малімона можна пабачыць на беразе падземнага цёмнага Беларускага мора.

Дзікае Паляванне

Вядомы вобраз і для еўрапейскага фальклору, і для беларускай літаратуры. Звычайна гэтая група прывідаў верхам на конях, якая палюе ноччу на людзей, каб скрасці іх душы. Апісанне важака групы ад падання да падання адрозніваецца — ад Одзіна ў скандынаваў да Караля Артура ў англічан. Беларускі фальклор назаўжды звязаў з гэтым вобразам наш пісьменнік Уладзімір Караткевіч у сваім творы «Дзікае Паляванне Караля Стаха».

Начніца

Старажытныя беларусы верылі ў начніц — духаў-жанчын, якія прабіраюцца ў хату і пужаюць дзяцей, каб яны не маглі заснуць і плакалі ўсю ноч. Таксама яны лазяць па дрэвах, шукаюць птушыныя гнёзды, выпіваюць яйкі і з’ядаюць птушанят. Начніцамі станавіліся пасля смерці жанчыны, якія не мелі дзяцей праз праклён. Каб уберагчыся ад гэтых нячысцікаў, людзі рабілі лялькі з анучы — своеасаблівыя абярэгі.

Праява

У беларускім фальклоры так называюць любую містычную істоту, пачвару або прывіда. Але часцей за ўсё лясную здань, якая вылазіла з дрэва і хапала жывёлу або чалавека і зацягвала яго ў дрэва, дзе забівала. Чым больш ахвяр зацягвала, тым таўсцейшым ды вышэйшым вырастала дрэва. Праявы таксама жывуць бліз вялікіх курганоў.

Спадзяемся, што гэтыя нячысцікі вас не дужа напалохалі, а наадварот, выклікалі цікаўнасць да беларускага фальклору. Як бачыце, гісторыя Беларусі ў гэтым плане багатая. У нас ёсць не толькі ваўкалакі ды кікімары.

**

На восеньскіх канікулах Адукар праводзіць бясплатны ЦЭ/ЦТ-форум па 9 прадметах. Вы ўжо можаце зарэгістравацца!

***

Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.

Відэакурсы па беларускай мове

ЦТ анлайн

***

Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.com. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.

Привет! Ты уже записался на наши итоговые занятия перед ЦТ? Такие занятия мы проводим уже четвёртый год, и преподаватели нашего учебного центра научились достаточно точно предсказывать, какие вопросы будут на ЦТ. На этом занятии мы прорешаем их вместе с тобой! Регистрируйся, если еще не сделал этого — и увеличь свои шансы на поступление!