Правапіс налосных е, ё, я выпадае на адно з трыццаці заданняў ЦТ па беларускай мове з часткі А. Можна падумаць, што веданне адметнай рысы беларускай мовы павінна передавацца з малаком маці, але некаторым абітурыентам аканне і яканне даецца не так проста. Давай паўторым да тэсціравання, як трэба рашаць заданне А3.
Што такое аканне і яканне?
Галосныя о, э ў беларускай мове звычайна пішуцца пад націскам. Не пад націскам гэтыя галосныя пераходзяць у гук [а], і адбываюцца наступныя змены:
Аканне — пераход ненаціскных гукаў [о], [э] ў першым складзе перад націскам у [а], што перадаецца ў вымаўленні і напісанні. Напрыклад: кот — кацяня, дрэва — драўляны і г. д.
Яканне — ненаціскныя гукі [о], [э] пасля мяккіх зычных змяняюцца на гук [а], які на пісьме абазначаецца літарай я. Напрыклад: лес — лясы, дзевяць — дзявяты і інш.
Алгарытм рашэння задання А3
паглядзець, якое слова перад табой: спрадвечна беларускае ці запазычанае;
успомніць выключэнні з правіла.
Перадача акання і якання ў спрадвечна беларускіх словах
1) У першым складзе перад націскам пішацца замест о, э, ё, е пішацца а (пасля цвёрдых зычных) або я (пасля мяккіх зычных): косы — каса, вёска — вясковы.
! Запомні чаргаванні спалучэнняў ро, ло з ры, лы ў некаторых словах: гром — грымоты, дровы — дрывотня, глотка — глытаць, кроў - крывавы, бровы — брыво.
! Захоўваецца ненаціскны э ў словах, утвораных ад слова сэнс: асэнсаваць, асэнсавана і інш. А таксама ў назоўным і вінавальным склонах у лічэбніках шэсцьсот, семсот, восемсот (у іншых склонах адбываецца аканне/яканне).
! Пішацца ы: інжынер, канцылярыя, брызент, дрызіна, цырымонія, яблык (і вытворныя ад яго), почырк, трывога, горыч, глыбіня, марыва. У словах мачыха і мачаха, зарыва і зарава дапускаецца варыянтнасць напісання.
! Незалежна ад націску захоўваецца напісанне літары я ў некаторых каранях і суфіксах слоў: тысяча, ясакар, памяць, заяц, ядлаўцовы, ядавіты, выгляд, завязь, дробязь, боязь, засеяць, сеялка, пяцібор'е, пяцітысячны.
! Прыназоўнік без і часціца не пішуцца нязменна незалежна ад вымаўлення: не толькі - [н'а тол’к'і], без следу — [б'ас с’л’эду].
Правапіс галосных е, ё, я ў запазычаных словах
У запазычаных словах аканне і яканне перадаюцца непаслядоўна. Таму некаторыя словы лепш завучыць.
1) Большасць даўно запазычаных слоў падпарадкоўваецца правілу акання: арандаваць, характарызаваць, біялагічны, Шаўчэнка, Арлоў, Талстой і інш. Аканне назіраецца і ў канцавых спалучэннях галосных: трыа, капрычыа, фоліа, Антарыа, Ватэрлоа, Мантэвідэа, Токіа і інш.
2) У агульных назвах іншамоўнага паходжання ненаціскныя спалучэнні -эль, -эр на канцы слоў перадаюцца як -аль, -ар. Праўда, на ўласныя імёны гэтае правіла не распаўсюджваецца: Пітэр, Одэр, Манчэстэр і інш.
3) У значнай колькасці запазычаных слоў ненаціскны э захоўваецца на пачатку і ў сярэдзіне слоў пасля зацвярдзелых зычных і цвёрдых [д], [т]: эфір, эўкаліпт, эпітэт, тэатр, рэзерв, дэлегацыя, жэле, джэнтльмен, шэзлонг, чэмпіён і інш.
4) Заўсёды пішацца е ў першым складзе перад націскам пасля зычных г, к, х: герань, геолаг, генетыка, кераміка, кефір, ікебана, Геракл, Герасім, Херсон і інш.
5) Большасці запазычаных слоў неўласціва напісанне і вымаўленне я ў першым складзе перад націскам: вазелін, легенда, мелодыя, персона, семестр, бейсбол, Еўропа, Апеніны і інш.
Разабраўся ў правіле? Калі складана, то прагледзь падрабязны ўрок па гэтай тэме на Youtube-канале Адукар:
Хочаш замацаваць тэорыю на практыцы? Прайдзі невялічкі тэст.
Больш тэстаў па гэтым правіле глядзі ў раздзеле ЦТ онлайн па беларускай мове ў тэме «Арфаграфія». А таксама прыходзь 10 чэрвеня на выніковыя заняткі перад ЦТ па беларускай мове ў Адукар: выкладчыкі дапамогуць прывесці веды ў сістэму за чатыры гадзіны!
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by