Падрыхтоўка да ЦТ? Летам? Для адных гэта страшны прысуд, для іншых — натхненне да дзеянняў. Бо ёсць яшчэ час падрыхтавацца і здаць ЦТ на ўсе 100 балаў! Што ж, паспець трэба нямала, таму прапаноўваем табе 10 парад, каб рыхтавацца да ЦТ летам.
Традыцыйныя прыёмы падрыхтоўкі да ЦТ
Азнаёмся са спісам тэм ЦТ
Зірні спецыфікацыю ЦТ — пералік тэм, якія павінны быць на ЦТ. Калі суаднясеш яго з кансультацыямі РТ, то ўбачыш, што змяняюцца толькі фармулёўкі, не заданні.
Паўтары кожную тэму
Папрацуй з падручнікамі па ўсіх гэтых тэмах. Абавязкова пачні з самых складаных для сябе, каб у апошні момант не вучыць наноў, а проста паўтараць. Так самая цяжкая тэорыя застанецца ў галаве.
Замацуй веды на практыцы
З дапамогай спецыялізаванага дапаможніка замацуй свае веды. Гэта можа быць «Трэнажор па беларускай мове» С.І. Цыбульскай, «ЦТ за 60 урокаў» В.М. Сіўковіч ці любы іншы падручнік, у якім пасля тэарэтычнай часткі ёсць тэст. Адрозніваюцца такія дапаможнікі ад зборнікаў ЦТ тым, што ў іх на кожную асобную тэму ёсць некалькі заданняў. Такім чынам, можна значна паглыбіць веды.
Займайся па зборніках ЦТ
Разумеем, гэта складана, але паспрабуй займацца па зборніках ЦТ (выдавецтва «Аверсэв»). Не зазірай праз кожныя 5 хвілін у адказы, сканцэнтруйся. Чым больш ты прарашаеш трэніровачных тэстаў, тым лягчэй будуць давацца РТ і ЦТ 2019. Нават калі падаcца, што тэсты падобныя адзін да аднаго, — рашай. Вельмі карысна ведаць спецыфіку ЦТ ад А да Я.
Зазірні ў кансультацыі РТ мінулых гадоў
Абавязкова прагледзь кансультацыі РТ 2015, 2016, 2017, 2018 гадоў. І не проста прагартай, а заканспектуй. РІКВ не выкладае гэтыя матэрыялы ў вольны доступ, але іх можна паспытаць у абітурыентаў мінулых гадоў. У кансультацыях РТ ёсць падрабязныя разборы заданняў, многія з якіх паўтараюцца штогод. Тое, што трэба, каб падрыхтаваць сябе па ўсіх тэмах ЦТ.
Нестандартная падрыхтоўка да ЦТ
Асацыяцыі, табліцы, карткі
Разлічваць на інтуіцыю — справа апошняя. Лепей звярні ўвагу на ўласныя асаблівасці памяці і павярні іх сабе на карысць. Спрабуй запамінаць матэрыял праз асацыяцыі, складанне табліц, картак.
Калі лягчэй запамінаць асацыяцыі і вобразы, можна прыдумаць для сябе лёгкія прыклады, накшталт ЦёТаЧКі на правапіс суфікса -СК- (Ц, Т, Ч, К + СК = ЦК) або ЦёТКі + С на чаргаванне спалучэнняў СЦ, СТ, СК з ШЧ (хрыСЦіць — хрыШЧоны).
Чэлендж
Вельмі дзейсны метад — прыдумаць для сябе чэлендж, каб кожны дзень вывучаць нешта новае. Прыклад: апранаеш на руку бранзалет. Не выконваеш умовы чэленджу (пралайдачыў дзень) — апранай бранзалет на іншую руку. Задача ў тым, каб бранзалет пратрымаўся на адной руцэ месяц ці больш.
Праца ў парах
Сустрэнься з сябрам, які таксама рыхтуецца да ЦТ. Паспрабуйце пісаць тэсты і правяраць адзін аднаго: каментаваць, абмяркоўваць, лічыць адсотак правільна выкананых заданняў. Паказчык поспеху — той самы адсотак, які павінен вырасці да 100 у маі.
Адчуй сябе супрацоўнікам РІКВ
Пры напісанні тэстаў дадавай да кожнага (!) задання кароткія тлумачэнні па прыкладзе кансультацый РТ ад РІКВ. Не спісвай правілы з падручніка, а спрабуй сам узгадаць іх. Так ты атрымаеш двайную карысць, бо разбярэш кожнае правіла да дробязей.
Падрыхтоўка да лекцыі
Пры вывучэнні заблытанай, аб’ёмнай ці проста складанай тэмы думай, нібы заўтра табе трэба патлумачыць яе аўдыторыі, якая ўвогуле нічога не ведае. Шукай хады, дадатковую інфармацыю, разбірайся. Бо ніхто ж нічога не разумее! Спосаб падрыхтоўкі падыйдзе энтузіястам.
Вось такія лайфхакі. Выбірай, што спадабалася, і не лянуйся рыхтавацца. І тады 100 балаў будзе ў кішэні. Справа за табой!
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by