Што рабіць, калі дзіця адмаўляецца ад звычнага шляху да паспяховага жыцця: выдатная вучоба ў школе, прэстыжная спецыяльнасць ВНУ, праца ў саліднай кампаніі? І ці варта дакараць сябе за тое, што вы няўзмозе аплаціць вучобу ва ўніверсітэце, пра які марыць сын або дачушка? Адукар прывядзе тры прыклады знакамітых людзей без дыплома аб вышэйшай адукацыі.
Адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры — Янка Купала
Нашчадак збяднелай шляхты скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пасля смерці бацькі застаўся адзіным кармільцам і быў вымушаны зарабляць грошы. Працаваў хатнім настаўнікам (рэпетытарам), пісарам у судзе, нават памочнікам бровара. Пазней скончыў чатырохгадовыя курсы пры Пецярбургскім універсітэце. У 43 гады атрымаў званне Народнага паэта Беларусі, а ў 47 гадоў быў прызнаны акадэмікам АН Беларусі і Украіны.
![](/images/photo/samaadukacyya-vyrashae-usyo-1.jpg)
Яўген Скурко, ён жа класік беларускай літаратуры Максім Танк
Яўген Іванавіч атрымаў толькі няпоўную агульную сярэднюю адукацыю. Праз удзел у моладзевых акцыях пратэсту быў адлічаны з дзвюх гімназій. Юны камсамолец-патрыёт выступаў супраць закрыцця польскімі ўладамі беларускіх школ на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама супраць грамадска-палітычнага парадку царскай Расіі. Будучы народны пісьменнік Беларусі, перакладчык і грамадскі дзеяч Максім Танк быў здольным вучнем. Захапляўся маляваннем, мастацкай літаратурай. У гімназічныя гады выявіўся паэтычны талент. Хоць абставіны перашкодзілі Танку атрымаць паўнавартасную адукацыю, упартасць, імкненне да самаадукацыі зрабілі яго выбітнай асобай.
![](/images/photo/samaadukacyya-vyrashae-usyo-2.jpg)
Майстар малой прозы Янка Брыль
Народны пісьменнік БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, ганаровы член Акадэміі навук, член Беларускага ПЭН-цэнтра скончыў толькі польскую сямігодку. Паступіўшы ў Навагрудскую гімназію, у хуткім часе пакінуў вучобу: цяжка захварэў старэйшы брат і маці цяжка было весці гаспадарку. Школу яму замянілі кнігі і падручнікі з сямейнай бібліятэкі, што засталася ад старэйшых братоў. У роднай вёсцы арганізаваў драматычны тэатр, займаўся пастаноўкамі спектакляў, перакладаў на беларускую мову п’есы польскіх і рускіх аўтараў. Нягледзячы на стому ад цяжкай фізічнай працы, па начах шліфаваў стыль першых твораў.
![](/images/photo/samaadukacyya-vyrashae-usyo-3.jpg)
Толькі ад вашага дзіця залежыць якасць ягонага жыцця. Ні айчынны, ні замежны дыплом не гарантуюць матэрыяльны дабрабыт. Галоўнае — знайсці свае моцныя бакі і ўмець імі карыстацца. Хто ў гэтым дапаможа (псіхолаг-профарыентолаг, школа, ВНУ ці чужы прыклад) таксама важна. Але не зводзьце ўсё да наяўнасці «паперак». Як бачыце, самаадукацыя вырашае ўсё.
***
Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by