У розных краінах свету 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ініцыятыва скіравана на тое, каб заахвоціць людзей карыстацца роднай мовай.
З нагоды гэтага свята ў прэс-цэнтры БелТа адбылася прэс-канферэнцыя «Развіццё і папулярызацыя беларускай мовы», дзе расказалі, над якімі праектамі працуюць навукоўцы НАН Беларусі.
У бліжэйшай перспектыве выйдзе 1-ы том 15-томнага Тлумачальнага слоўніка сучаснай беларускай мовы
Слоўнік будзе налічваць больш за 250 000 слоў — такога аб’ёму яшчэ не было. Ён будзе адлюстроўваць лексічнае багацце сучаснай беларускай мовы. У 2022 годзе выйшаў з друку Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы ў 2 тамах, яго аб’ём — каля 65 000 слоў.
Таксама даследуецца мова ХІХ стагоддзя. Вядзецца праца па стварэнні Тлумачальнага слоўніка ХІХ стагоддзя і ўжо фактычна створаны слоўнікі мовы асобных пісьменнікаў — Дуніна-Марцінкевіча, напрыклад.
Будзе створаны электронны зводны слоўнік беларускіх гаворак
Па словах дырэктара філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Ігара Капылова, аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі доўгі час займаецца зборам і сістэматызацыяй беларускіх народных гаворак. Будучы электронны зводны слоўнік будзе ўтрымліваць матэрыял з канца ХІХ да пачатку ХХІ стагоддзя.
Таксама, па словах Ігара Капылова, даследуюцца кітабы — рукапісныя кнігі на беларускай мове, выкананыя арабскім пісьмом. Гэта помнік пісьменнасці беларускіх татар.
«Як гавораць беларусы»
Гэта працоўная назва навукова-папулярнай кнігі з ілюстрацыямі пра асаблівасці беларускай літаратурнай мовы, выданне плануецца ў 2024 годзе. Кніга будзе прысвечана цікавым асаблівасцям сучаснай беларускай літаратурнай мовы, характарыстыцы яе дыялектнай асновы, апісанню найбольш яскравых адрозненняў беларускіх гаворак.
Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.
ЦТ анлайн