Аматарам беларускай літаратуры і беларускай мовы, школьнікам, якія хочуць больш зразумець праграмныя творы, студэнтам, маладым спецыялістам, дарослым людзям, — карацей, усім-усім неабыякавым да ўсяго беларускага, раім гэтую падборку фільмаў і серыялаў паводле твораў беларускай класікі. 9 твораў, 9 пісьменнікаў і больш за 100 гадзін пачуццяў, перажыванняў, болю, радасці і самых разнастайных эмоцый. Прыемнага прагляду!
«Палеская хроніка»
Арыгінальная назва: Полесская хроника, Люди на болоте, Дыхание Грозы
Год выпуску: 1984
Працягласць: 8 серый, кожная каля 01:10:00
Серыял паводле аднайменнага рамана Івана Мележа. У 20-я гады мінулага стагоддзя ў глухія месцы палескіх балот прыйшла Савецкая ўлада. Аднак заможныя жыхары вёскі Курані не збіраліся аддаваць зямлю сялянам. Банды запалохвалі людзей.
Але сяляне самі зрабілі першы крок: усёй вёскай яны вырашылі пракладаць грэблю праз балота-шлях да новага жыцця. Збіраецца сялянскі сход, на якім прысутнічае спецупаўнаважаны з воласці. Сяляне абмяркоўваюць будучы перамер зямлі…
Сюжэтная лінія таксама апісвае і жыццё маладых жыхароў вёскі - дзяўчыны Ганны і хлопца Васіля.
«Тутэйшыя»
Арыгінальная назва: Тутэйшыя
Год выпуску: 1993
Працягласць: 01:43:00
Трагікамедыя «Тутэйшыя» — гэта экранізація забароненай некалі п’есы Янкі Купалы, якая распавядае пра палітычны хаос у гады грамадзянскай вайны. Гэта фільм пра зямлю, што даўным даўно стала прахадным дваром для Захаду і Усходу. Тутэйшыя — мясцовыя жыхары гэтых месцін. Герой фільма — вясёлы і знаходлівы Мікіта, «чалавек з народу», спрабуе прыстасавацца да розных ўлад.
«Хто смяецца апошнім»
Арыгінальная назва: Кто смеётся последним
Год выпуску: 1954
Працягласць: 01:33:00
Гэта мастацкі фільм паводле аднайменнай п’есы Кандрата Крапівы. Месца дзеяння — навукова-даследчы інстытут, час — 50-я гады мінулага стагоддзя. Супрацоўнік інстытута па прозвішчы Туляга распавядае калегам — вядомаму навукоўцу Чарнавусу і маладой навуковай супрацоўніцы Веры, — што мiнак на вуліцы прыняў яго за палкоўніка Падгаецкага, што некалі служыў у белай арміі ў Варонежы.
Гэта вельмі напалохала Тулягу і ён просіць нікому пра гэта не казаць. Але гутарку падслухоўвае пляткар Зёлкін і перадае ўсю інфармацыю дырэктару інстытута Гарлахвацкаму. Акрамя гэтага, ён распаўсюджвае слых пра тое, што новы рукапіс Чарнавуса, які напярэдадні раскрытыкаваў Зёлкін, атрымаў дрэнныя водгукі. Гарлахвацкі - невук, які трапіў на пасаду дырэктара па блаце, — хоча выкарыстаць сітуацыю дзеля свах інтарэсаў. Але, як вядома, смяецца той, хто смяецца апошнім…
«Міколка-паравоз»
Арыгінальная назва: Миколка-паровоз
Год выпуску: 1956
Працягласць: 01:33:00
«Міколка-паравоз» — кінастужка па матывах аднайменнай аповесці Міхася Лынькова. Дзеянні фільма адбываюцца напярэдадні рэвалюцыі 1917 года. Маленькаму Міколку 11 гадоў. Усё яго кароткае жыццё звязана з чыгункай. Сям’я хлопчыка жыве ў старым грузавым вагоне, бацька працуе памочнікам машыніста ў дэпо. Ёсць яшчэ маці Ганна ды дзед Астап, які больш за ўсё любіць успамінаць, як ён ваяваў артылерыстам на руска-турэцкай вайне.
У гімназіі, дзе вучыцца Міколка, рыхтуюцца да ўрачыстай сустрэчы самога імператара Мікалая Другога, цягнік якога павінен прайсці праз іх маленькую станцыю. Міколка вырашае прабрацца ў вагон да цара і расказаць яму пра ўсе свае беды ды нягоды. Але… На гэтым мы спынім пераказ — працяг гісторыі лепей паглядзець альбо прачытаць.
«Новая зямля»
Арыгінальная назва: Новая зямля
Год выпуску: 1982
Працягласць: 02:13:00, дзве серыі
Фільм пастаўлены паводле знакамітай паэмы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Гэта гісторыя пра трагічны лёс беларускага сялянства ў канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя, пра галоўную мару беларуса, які працуе на зямлі, — «купіць Зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут, i там зажыць сабе нанова: свая зямля — вось што аснова…»
«Шляхціц Завальня»
Арыгінальная назва: Шляхтич Завальня
Год выпуску: 1994
Працягласць: 01:26:00
Жыве ў Полацкім краі добры шляхціц Завальня. Сядзіба яго стаіць на скрыжаванні дарог, таму ў яго хаце заўсёды шмат госцяў. І ўсё ведаюць, што больш за ўсё пан Завальня любіць розныя фантастычныя гісторыі. Таму ўсякі госць імкнецца распавесці якую-небудзь небыліцу…
А яшчэ можна паслухаць мастацкае чытанне кнігі ў выкананні Андрэя Каляды.
«Дзікае паляванне караля Стаха»
Арыгінальная назва: Дикая охота короля Стаха
Год выпуску: 1979
Працягласць: 01:45:00
Дзеянне карціны разгортваецца на беларускім Палессі ў 1900 годзе. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя малады вучоны-этнограф Андрэй Беларэцкі прыяжджае ў стары палац, што ў Балотных Ялінах. Гаспадыня палацу — апошняя з роду Яноўскіх, над якім вісіць праклён «дзікага палявання караля Стаха».
Надзея распавядае Беларэцкаму пра зданяў дома: Маленькага Чалавека, Блакітную жанчыну і Дзікае паляванне, якое наводзіць страх па ўсёй акрузе — ад яго загінуў і бацька Надзеі. Але выяўляецца, што прывіды з мінулага маюць плоць і кроў…
Фільм зняты па матывах аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, які, дарэчы, быў сцэнарыстам карціны. І быў незадаволены вынікам, бо рэжысёр стварыў сваю версію, выказаўшы свае погляды, адштурхнуўшыся ад арыгіналу. І гэта толькі выклікае цікавасць да кінастужкі - чым «Дикая охота короля Стаха» адрозніваецца ад караткевічаўскай аповесці?
«Знак Бяды»
Арыгінальная назва: Знак Беды
Год выпуску: 1986
Працягласць: 02:22:00, дзве серыі
Моцны фільм пра вайну па аповесці Васіля Быкава. Сцепаніда і Пятрок Багацькі жывуць на хутары Яхімоўшчына, за тры кіламетры ад мястэчка Выселкі. Іх сын Федзя служыць у танкавых войсках, дачка Феня вучыцца «на доктаршу» ў Мінску. Пачынаецца вайна. Хутка пракатваецца на ўсход фронт, прыходзяць немцы. Надыходзіць страшнае ў непрадказальнасці новых бед жыццё…
«Плач перапёлкі»
Арыгінальная назва: Плач перепёлки
Год выпуску: 1990
Працягласць: 9 серый, кожная прыкладна 01:07:00
Кінастужка пра першыя месяцы вайны па матывах раманаў Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя». Героі фільма — верамейкаўцы, жыхары невялікай вёскі, што схавалася сярод беларускіх лясоў. Летам 1941 года рэха вайны дакацілася і сюды. Пакінутая Чырвонай Арміяй, але яшчэ не узятая немцамі, вёска апынулася на нічыйнай паласе.
Салдаты блукалі па лясных сцяжынках, немцы гналі палонных ў канцлагеры, у лясных нетрах ствараліся першыя партызанскія атрады. Гэта была пара здагадак, сумневаў, чутак, смутны час ці то безуладдзя, ці то двоеўладдзя. Героі павінны вырашыць галоўнае для сябе пытанне — як жыць у такіх умовах? Кожны знаходзіць свой шлях, але ўсе разам супрацьстаяць смерці і гвалту.
***
Даведайцеся пра нашы курсы падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ. Дзякуй, што дачыталі да канца. Мы рады, што адказалі на вашы пытанні.
***
Калі хочаце апублікаваць гэты тэкст на сваім сайце або ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі.